БЕЛ Ł РУС

«Герой Данбаса» забіў і расчляніў сяброўку і яе 19‑гадовую дачку

4.10.2026 / 20:07

Nashaniva.com

Расійскія сілавікі затрымалі 47‑гадовага Тэймураза Гагіяшвілі. Былога баевіка батальёна «Спарта», паплечніка сепаратыста «Матаролы» падазраюць у жорсткім двайным забойстве ў Маскве. 

Тэймураз Гагіяшвілі. Фота з сацсетак

Следчы камітэт РФ паведаміў пра выяўленне фрагментаў чалавечага цела 3 кастрычніка ў кватэры на Жулебінскім бульвары ў Маскве.

Забітай аказалася 54‑гадовая Алена Цэрэтэлі — былая жонка вядомага маскоўскага рэстаратара Мамукі Цэрэтэлі. Часткі яе цела былі спакаваныя ў пакеты і схаваныя на балконе, у кватэры сілавікі знайшлі нажы і сляды крыві.

Наступным днём, 4 кастрычніка, у гаражы Гагіяшвілі на тэрыторыі Новай Масквы следчыя знайшлі цела 19‑гадовай дачкі забітай жанчыны — Дар'і. Пры аглядзе абодвух месцаў злачынства былі знойдзеныя зброя і боепрыпасы.

Тэймураз Гагіяшвілі. Фота з сацсетак

Галоўнае ўпраўленне МУС па Маскве абвясціла мужчыну ў вышук, неўзабаве ён быў затрыманы ў Варонежскай вобласці пры спробе ўцёкаў. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах, Гагіяшвілі даў прызнальныя паказанні.

Паводле інфармацыі выдання «Московский комсомолец», злачынец забраў дзяўчыну пасля трэніроўкі, завёз у свой гараж нібыта за рэчамі і там застрэліў. Пасля гэтага ён паехаў у кватэру да яе маці, застрэліў жанчыну і расчляніў яе цела. Асноўным матывам забойства следства лічыць фінансавыя рознагалоссі.

Ад баевіка «ДНР» да супрацоўніка дзяржаўных СМІ

«Матарола» і Тэймураз Гагіяшвілі. Фота з сацсетак

У пракрамлёўскіх медыя падазраванага называюць «прадпрымальнікам» і «фітнес-трэнерам», аднак расследавальнікі выдання «Важные истории» ідэнтыфікавалі яго асобу.

Апублікаваныя даныя і фатаграфіі пацвярджаюць, што Тэймураз Гагіяшвілі быў баявіком сепаратысцкага батальёна «Спарта» ў так званай ДНР. З 2014 года ён ваяваў у «першай хвалі» пад камандаваннем Арсена Паўлава, вядомага пад пазыўным «Матарола», і выкарыстоўваў пазыўны «Гогі». Некаторыя крыніцы называлі яго асабістым ахоўнікам Паўлава.

Паводле даных украінскіх актывістаў, да пачатку вайны на Данбасе Гагіяшвілі, маючы грузінскае грамадзянства, вучыўся ў Луганску на эканаміста, працаваў менеджарам у лагістычных кампаніях і структуры «Северсталі».

Актывісты сцвярджалі, што ён далучыўся да сепаратыстаў пасля таго, як уцёк з Грузіі праз невыплату валютнага крэдыту і абвінавачванні ў махлярстве.

У перыяд актыўных баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны Гагіяшвілі быў жанаты з «міністрам юстыцыі ДНР». У 2016 годзе падчас забойства «Матаролы» ў Данецку з'яўляліся паведамленні аб тым, што ахоўнік загінуў разам з камандзірам, аднак Гагіяшвілі выжыў і застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 2019 па 2021 год, згодна са злітымі базамі даных, былы баявік афіцыйна працаваў у Маскве ў дзяржаўным медыяхолдынгу МІА «Россия сегодня». У 2021 годзе ён па спрошчанай працэдуры атрымаў грамадзянства Расійскай Федэрацыі. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе Гагіяшвілі, захоўваючы маскоўскую рэгістрацыю, працягваў рэгулярна перасякаць мяжу з акупаванымі Данецкай і Луганскай абласцямі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула