БЕЛ Ł РУС

Футбалісты «Баранавічаў» згулялі ў ружовай форме. Цяпер яе прададуць на аўкцыёне

5.10.2026 / 08:03

Nashaniva.com

ФК «Баранавічы» згуляў у незвычайнай ружовай форме, а цяпер футболкі з аўтографамі гульцоў прададуць на дабрачынным аўкцыёне. Так футбалісты прыцягнулі ўвагу да прафілактыкі раку малочнай залозы.

Фота: fcb1945by / Telegram

У ружовай форме ФК «Баранавічы» выйшаў на таварыскі матч з моладзевай зборнай Беларусі. Гульня скончылася ўнічыю — 3:3.

Акцыю правялі ў межах «Ружовага кастрычніка». Ружовая стужка і ружовы колер выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце як сімвалы кампаній, прысвечаных прафілактыцы раку малочнай залозы і падтрымцы людзей з гэтым захворваннем.

Галоўны трэнер «Баранавічаў» Раман Кірэнкін заявіў, што такія тэмы неабходна ўздымаць у спорце: «Ёсць такая прымаўка: калі ты здаровы, у цябе можа быць тысяча жаданняў, а калі хворы — толькі адно».

Паводле трэнера, клуб адразу падтрымаў прапанову правесці дабрачынную акцыю.

«Кожны чалавек павінен дапамагаць іншым. Як клуб мы таксама ідзём насустрач такім ініцыятывам. Калі мы дапаможам хаця б аднаму чалавеку, а тым больш дзесяці, для нас гэта будзе вельмі важна і прыемна. Мы робім гэта не для таго, каб паказаць сябе, а проста каб дапамагчы людзям», — сказаў Кірэнкін выданню «Точка».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула