Пісьменнік Джэфры Арчэр памёр за суткі да выхаду сваёй новай кнігі
Памёр аўтар бэстсэлераў і былы палітык Джэфры Арчэр — яму было 86 гадоў, піша Бі-бі-сі.
Фота: Philip Botham's / Getty Images
Джэфры Арчаэр прадаў больш за 300 мільёнаў кніг за сваю пяцідзесяцігадовую пісьменніцкую кар’еру. Сярод яго найбольш вядомых твораў — «Хронікі Кліфтана» і «Каін і Авель». Дзеянне сваіх раманаў ён часта размяшчаў у родным для яго горадзе Велінгтане ў графстве Сомерсет.
У заяве выдавецтва HarperCollins гаворыцца, што пісьменнік памёр «раптоўна і мірна дома» ў панядзелак паміж працай над кнігамі.
Былы дэпутат ад Кансерватыўнай партыі быў зняволены за ілжэсведчанне ў 2001 годзе пасля таго, як яго прызналі вінаватым у хлусні і махлярстве ў справе аб паклёпе, якую ён распачаў у 1987 годзе супраць газеты Daily Star.
Арчэр нарадзіўся ў паўночным Лондане 15 красавіка 1940 года, але неўзабаве пераехаў у Уэстан-супер-Мэр у графстве Сомерсет, дзе яго сям’я набыла дом у маці Джона Кліза.
У 1969 годзе Арчэр быў абраны дэпутатам ад акругі Лаўт у Лінкальншыры.
Ён пяць гадоў працаваў дэпутатам, пасля чаго стаў намеснікам старшыні Кансерватыўнай партыі.
Яго палітычная кар’ера была перапыненая ў 2001 годзе, калі яго асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі за ілжэсведчанне і перашкоду ажыццяўленню правасуддзя.
Было ўстаноўлена, што ён схлусіў у справе аб паклёпе, якую распачаў супраць газеты The Star. У выніку яму прысудзілі 500 тысяч фунтаў стэрлінгаў кампенсацыі.
У 2003 годзе ён выйшаў на волю і вярнуўся ў Палату лордаў, дзе заставаўся да выхаду на пенсію ў 2024 годзе.
Яго апошняя кніга «Адам і Ева» павінна выйсці на гэтым тыдні. HarperCollins назвала Арчэра «майстрам апавядання», для якога яго чытачы «азначалі ўсё».
Выдавецтва таксама паведаміла, што ў нядзелю Арчэр быў у тэатры Leicester Square Theatre у Лондане, дзе разам з тэлевядучым Джайлзам Брандрэтам падпісваў кнігі для прыхільнікаў.
Брандрэт напісаў у X: «Толькі ўчора я выступаў разам з Джэфры Арчэрам на прэзентацыі яго новага рамана — ён сказаў, што гэта будзе яго апошняя кніга. Ён быў у цудоўнай, надзвычай энергічнай форме, а гледачы ў поўнай зале прынялі яго вельмі цёпла. Ён быў вясёлым, цікавым і самаіранічным — вялікім майстрам апавядання да апошняга».
Пазней Брандрэт сказаў у эфіры BBC World Tonight, што Арчэр быў «вельмі яркай асобай», якая «пасля турмы стала больш мяккім чалавекам».