БЕЛ Ł РУС

Палітвязня з інваліднасцю Уладзіміра Гундара перавялі з турмы ў калонію. Пасля турэмнага тэрміну яму застаецца яшчэ 13 гадоў

6.10.2026 / 13:35

Nashaniva.com

Як стала вядома ад інфармаванай крыніцы, у пачатку кастрычніка палітвязня Уладзіміра Гундара перавезлі для адбыцця далейшага пакарання з магілёўскай турмы № 4 у бабруйскую калонію № 2, піша «Свабода». 

Уладзімір Гундар. Фота: Intex-press

У гэтай калоніі Уладзімір Гундар ужо адбываў пакаранне раней, але ў кастрычніку 2023 году суд прызначыў палітвязню больш строгі, турэмны рэжым і яго адправілі ў магілёўскую вязніцу. Цяпер трохгадовы тэрмін скончыўся. Але, паводле прысуду, за кратамі Гундару заставацца яшчэ 13 гадоў.

Актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў Уладзіміра Гундара затрымалі 30 снежня 2020 году ў «справе Аўтуховіча» — нібыта за падрыхтоўку тэракту. У 2023 годзе ў выніку двух судоў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу палітвязня асудзілі агулам на 20 гадоў зняволення.

У турме Уладзімір Гундар пачаў пісаць вершы

Здольнасць да паэзіі была і раней, але выявілася ў няволі праз асабліва складаныя абставіны, разважае суразмоўца «Свабоды».

«Раней ён дапамагаў баранавіцкім паэтам публікаваць свае творы, рабіў макеты кніг, рыхтаваў іх да друку, але сам вершаў не пісаў, а вось у вязніцах пачаў», — згадала крыніца. Вершы ад Гундара даходзілі на волю рэгулярна, аднак тры гады таму, калі палітвязень патрапіў у магілёўскую турму, гэта спынілася.

У апошнія месяцы ў магілёўскай турме, паводле крыніцы, палітвязень шмат чытаў, запісваў свае ўражанні пасля турэмных прагулак, дзяліўся пачуццямі.

«У краі маёй няволі яскравай восені сонечнасць змянілася халоднай хмурнасьцю. Неба завесілі хмары сівыя, ідуць халодныя дажджы, а жыццё гарыць у полымі часу. І маё жыццё ў няволі, пазбаўленае каляровай прыгажосці, згарае ў нявольніцкім полымі», — нядаўна напісаў Уладзімір Гундар у лісце з вязніцы.

Чаму ў справе Гундара асабліва важны фактар — здароўе

Уладзімір Гундар мае інваліднасць другой групы, у мужчыны ампутаваная нага вышэй калена. У вязніцах Гундару забараняюць карыстацца пратэзам, ён перасоўваецца на мыліцах. Падчас заняволення ў гарадзенскай турме № 1 Уладзімір Гундар меў праблемы са слыхам, цяпер у яго трывала падвышаны ціск.

«Больш стала балець спіна, нават дазволілі даслаць абязбольваючыя ўколы», — таксама паведамляла крыніца пра стан здароўя Гундара.

Уладзіміру Гундару 66 гадоў. Праваабаронцы ўключылі Гундара ў спіс 170 палітвязняў, якія паводле здароўя знаходзяцца ў асабліва ўразлівым стане і дамагаюцца яго найранейшага вызвалення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула