За месяц арэнды гэтай кватэры ў «доме Чыжа» просяць $5000
Столькі давядзецца плаціць, каб жыць у прасторных апартаментах з некалькімі спальнямі і арыгінальнай канапай.
Фота тут і далей: kufar.by
Апартаменты з відам на Свіслач
Кватэра месціцца на другім паверсе ў доме па адрасе Старажоўская, 6, які ў народзе празвалі домам Чыжа.
Агульная плошча чатырохпакаёўкі складае 217 метраў.
У кватэры прасторная сталовая-гасцёўня, дзе падваконне выкарыстоўваецца як барная стойка, з якой адкрываецца від на горад і раку Свіслач.
Асноўны пакой аддзелены ад вітальні сцяной з убудаваным у яе вялікім шклом.
Апроч гэтага вялікага памяшкання, тут ёсць тры спальні. У дзвюх з іх стаяць двухспальныя ложкі.
У кожным з пакояў з ложкам ёсць асобны ванны пакой, уваход у які ідзе праз спальню. Трэці санвузел называюць гасцявым.
Іншая спальня па сваім прызначэнні больш падобная да ізаляванай гасцёўні ў звычайнай кватэры з мінімальным наборам мэблі.
Галоўная фішка — гэта канапа, бакавыя спінкі якой зроблены ў выглядзе чорнага сабакі. Таксама ў кватэры ёсць дзве лоджыі і балкон.
У апісанні пазначана, што кватэра цалкам укамплектаваная і гатовая для пражывання. Месяц арэнды каштуе 5000 даляраў.