БЕЛ Ł РУС

Сібіга: У дзень нараджэння Пуціна расійскія генералы паднеслі яму ягоны любімы падарунак

7.10.2026 / 10:37

Nashaniva.com

7 кастрычніка, у дзень, калі Уладзіміру Пуціну споўнілася 74 гады, Расія масавана атакавала Украіну ракетамі і беспілотнікамі. У выніку загінулі прынамсі шэсць чалавек. Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга адрэагаваў на расійскую атаку ў дзень нараджэння кіраўніка РФ.

«У дзень нараджэння Пуціна расійскія генералы паднеслі яму яго ўлюбёны падарунак — ваенныя злачынствы», — заявіў Сібіга.

Паводле кіраўніка ўкраінскага МЗС, падчас атакі Расія выкарыстала сотні ракет і беспілотнікаў. Удары нанесеныя па жылых дамах і крытычнай інфраструктуры ў Кіеве, Дняпры, Запарожжы, Крэменчугу і Прылуках.

У Кіеве загінулі прынамсі два чалавекі, яшчэ чацвёра — у іншых рэгіёнах краіны.

Сібіга заявіў, што расійскія генералы не кажуць Пуціну галоўнага: той не перамагае ў вайне і «ніколі не пераможа».

«Ён страціў 1,6 мільёна вайскоўцаў забітымі і параненымі, так і не дасягнуўшы ніводнай са стратэгічных мэт свайго ўварвання. Яго павольнае прасоўванне спынілася, а Украіна пачала вызваляць больш тэрыторый, чым яму ўдаецца захапіць. Яго эканоміка занепадае, а ўплыў у свеце слабее. І ўсё гэта таму, што ён адмаўляецца спыніць гэтую вайну», — сказаў міністр.

Пасля атакі Сібіга заклікаў партнёраў Украіны паднесці Пуціну «сапраўдныя падарункі», якія прымусяць яго выбраць дыпламатыю замест вайны. Сярод іх ён назваў узмацненне санкцый супраць расійскага ваенна-прамысловага комплексу, пастаўкі Украіне неабходных сродкаў супрацьпаветранай абароны і энергетычную дапамогу напярэдадні зімы.

«Але яго галоўным падарункам стане месца пад вартай у Гаазе. Мы рыхтуем Спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны да практычнага запуску ўжо ў наступным годзе. Пуцін і яго памагатыя павінны ведаць: адказнасць непазбежная», — заявіў Сібіга.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула