БЕЛ Ł РУС

У Беларусі хочуць адмяніць штогадовыя дэкларацыі аб даходах чыноўнікаў

7.10.2026 / 11:23

Nashaniva.com

Штогадовую падачу дэкларацый прапануюць адмяніць, а замест яе ўвесці маніторынг фінансавага становішча чыноўнікаў.

Пра магчымыя змены заявіў генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, назваўшы іх часткай «удасканалення антыкарупцыйнага заканадаўства».

Цяпер дзяржаўныя службоўцы, кіраўнікі дзяржаўных арганізацый, супрацоўнікі сілавых ведамстваў і некаторыя іншыя катэгорыі чыноўнікаў павінны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці. У шэрагу выпадкаў гэта тычыцца таксама іх мужа або жонкі і паўналетніх блізкіх сваякоў, якія жывуць разам з імі і вядуць агульную гаспадарку.

Дэкларацыі падаюцца ў адпаведныя дзяржаўныя органы і не публікуюцца для грамадскасці.

Паводле прапановы, штогадовую падачу дакументаў заменіць маніторынг фінансавага становішча дзяржаўных службоўцаў. Які менавіта орган будзе ім займацца, да якіх звестак атрымае доступ і як будзе выяўляць незаконнае ўзбагачэнне, у паведамленні Генпракуратуры не ўдакладняецца.

Адначасова ўлады змякчылі забарону для дзяржаўных службоўцаў і супрацоўнікаў дзяржаўных арганізацый на рахункі ў замежных банках. Цяпер ім дазволена атрымліваць за мяжой грошы паводле выканаўчых дакументаў, сацыяльныя і страхавыя выплаты, а таксама спадчыну.

Адмена штогадовых дэкларацый спросціць жыццё чыноўнікам. Але ці палепшыць яна выяўленне незаконнага ўзбагачэння, пакуль не зразумела.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула