БЕЛ Ł РУС

У Калінкавіцкі раён перавязуць завод з Расіі

7.10.2026 / 17:58

Nashaniva.com

У Калінкавіцкі раён плануюць перавезці асфальтабетонны завод з расійскага Ліпецка. Адпаведную незвычайную закупку абвясціў гомельскі «Дарожна-будаўнічы трэст № 2», заўважыў «Флагшток».

АБЗ Benninghoven ECO 2000. Фота: machineryline.kz

Умовамі закупкі прадугледжаная паслуга па перавозцы завода, а месцам яго дастаўкі названы Сыродскі сельсавет Калінкавіцкага раёна, участак 4/1. Верагодна, менавіта там завод і плануюць размясціць.

Гаворка ідзе пра асфальтабетонны завод Benninghoven ECO 2000 нямецкай вытворчасці. Гэта мабільная ўстаноўка кантэйнернага тыпу, якая спалучае высокую прадукцыйнасць і магчымасць адносна лёгкага перамяшчэння дзякуючы сваёй канструкцыі.

Намінальная прадукцыйнасць завода складае 160 тон гатовай асфальтабетоннай сумесі за гадзіну. У Ліпецку такія ўстаноўкі прапануюць як для арэнды, так і для продажу.

Для перавозкі завода ў Гомельскую вобласць спатрэбіцца значная колькасць транспарту. Згодна з тэхнічным заданнем, неабходна выканаць 11 рэйсаў еўрафур для перавозкі зборных грузаў і яшчэ 33 рэйсы грузавых пляцовак.

Сярод грузаў будуць буйнагабарытныя элементы завода, у тым ліку прыёмны бункер, сушыльны барабан, грохат і элеватар.

Чытайце таксама:

На Гомельскім хімзаводзе адбылася ўцечка 50 кілаграмаў аміяку

МЗКЦ паставіць расійскай абароннай кампаніі шасі для ракетных комплексаў

Агракамбінат «Дзяржынскі» атрымаў яшчэ тры прадпрыемствы на Віцебшчыне

Каментары да артыкула