БЕЛ Ł РУС

На пажарны пост у Хойніцкім раёне прыпоўз тарантул ФОТАФАКТ

7.10.2026 / 20:24

Nashaniva.com

Нечаканая сустрэча адбылася на пажарным аварыйна-выратавальным пасту ў аграгарадку Кіраў Хойніцкага раёна. Там супрацоўнікі МНС заўважылі паўднёварускага тарантула — аднаго з найбуйнейшых павукоў, якія сустракаюцца ў нашай краіне, піша мясцовая раёнка «Прыпяцкая праўда».

Фота: narovlya.by

З'яўленне павука на пажарным посце магло быць звязана з пошукам сховішча ад непагадзі альбо з наяўнасцю паблізу насякомых, якія маглі прыцягнуць яго.

Пажарнікі не сталі прычыняць павуку шкоды. Спачатку яны сфатаграфавалі незвычайнага госця, а затым асцярожна адлавілі яго і выпусцілі ў прыроднае асяроддзе, далей ад жылых дамоў.

Паўднёварускі тарантул (Lycosa singori) можа мець цела да 3—4 сантыметраў у даўжыню, а разам з нагамі яго памер дасягае 7—8 сантыметраў. Звычайна ён мае буравата-шэрую афарбоўку з цёмнымі плямамі і палосамі, дзякуючы чаму добра маскіруецца ў прыродзе.

Нягледзячы на буйны памер і грозны выгляд, гэты павук не ўяўляе смяротнай небяспекі для чалавека. Праўда, ягоны ўкус балючы і можа выклікаць ацёк, пачырваненне і смыленне, падобныя да рэакцыі пасля ўкусу асы або пчолы. Аднак жа ягоная атрута не мае нейратаксічнага дзеяння, здольнага выклікаць цяжкія сістэмныя наступствы. Тым не менш, рэакцыя на ўкус можа быць індывідуальнай, таму пры з'яўленні непрыемных сімптомаў рэкамендуецца звярнуцца да доктара.

Тарантулы вядуць пераважна начны і схаваны лад жыцця. Яны выкопваюць у зямлі глыбокія норы, часам з амаль вертыкальным уваходам, і высцілаюць іх павуціннем. Асноўная іх ежа — насякомыя, але яны таксама могуць паляваць на дробных грызуноў і яшчарак. У цёплую пару года, асабліва ўвечары і ўначы, тарантулаў можна сустрэць на адкрытых тэрыторыях, у палях і на лугах, а часам і каля чалавечага жылля.

Настаўніца хіміі і біялогіі Хойніцкай сярэдняй школы № 2 імя Івана Шаўрэя Таццяна Шыліна адзначыла, што паўднёварускі тарантул з'яўляецца цалкам натуральным насельнікам Палесся. Ён выконвае важную ролю ў мясцовай экасістэме, рэгулюючы колькасць шкодных насякомых. Павук актыўны ў цёплы перыяд года, пераважна ў прыцемках і ўначы. Ягоныя норы могуць дасягаць паўметра ў глыбіню, што дапамагае перажыць неспрыяльныя ўмовы.

Паводле слоў настаўніцы, нягледзячы на свой даволі суровы выгляд, тарантул не агрэсіўны і нападае на чалавека толькі тады, калі адчувае непасрэдную пагрозу і абараняецца.

Чытайце таксама:

У Светлагорскім раёне злавілі тарантула

Што будзе, калі вас раптам укусіць здаравенны павук, які бегаў па вуліцах Магілёва?

Чароўны свет беларускіх павукоў: такімі вы іх яшчэ не бачылі ФОТЫ

Павукі-тарантулы атакавалі вёску ў Гомельскай вобласці ВІДЭА

У Беларусі распаўсюджваюцца тарантулы? ФОТЫ

Каментары да артыкула