БЕЛ Ł РУС

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

8.10.2026 / 15:35

Nashaniva.com

Амбітны і перспектыўны Ігар Юркевіч быў адным з топавых чыноўнікаў у медыцынскай сферы, які меціў у міністры.

Ігар Юркевіч. Фота: minsknews.by

Юркевіч з 2023 года займаў пасаду старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Дагэтуль, з лютага 2019-га, ён узначальваў 6‑ю гарадскую клінічную бальніцу сталіцы.

Чыноўніка затрымалі ў мінулым годзе за хабар.

Цяпер стаў вядомы прысуд. Пракуратура, не называючы імя, паведамляе, што мужчыну асудзілі за тое, што дапамагаў камерцыйнай кампаніі атрымліваць заказы на абсталяванне для медыцынскіх устаноў.

Яму перадавалі грошы і будматэрыялы, а ў яго доме бясплатна выконвалі рамонт. 

Як вызначыў суд, з лютага 2024 года па май 2025‑га Юркевіч неаднаразова атрымліваў хабар ад прадстаўніка камерцыйнай кампаніі. Памер хабару перавысіў 40 тысяч рублёў.

Чыноўніка прызналі вінаватым па частцы 3 артыкула 430 КК і асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму таксама прызначылі штраф у 600 базавых велічынь — 27 тысяч рублёў.

Акрамя таго, як паведамляецца, яго пазбавілі звання маёра медыцынскай службы запасу. Прысуд можа быць абскарджаны.

Ігар Юркевіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў Століне, паходзіць з медыцынскай дынастыі. Яго бацька быў загадчыкам аддзялення ў раённай бальніцы, маці працавала там жа медсястрой.

Юркевіч з чырвоным дыпломам скончыў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, але размеркаваўся на малую радзіму. Пасля некалькіх гадоў працы ў Століне перабраўся ў Мінскую інфекцыйную бальніцу. У 2009‑2011 Юркевіч быў у ёй галоўным урачом, пасля чаго пайшоў у чыноўнікі.

У 2011‑2014 ён першы намеснік старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, у 2014‑2017 — старшыня камітэта.

Ігар Юркевіч. Фота: Tut.by

У 2017‑2019 Юркевіч быў віцэ-мэрам Мінска, адказваў за сацыяльныя пытанні. Ён стараўся дэманстраваць сябе адкрытым чыноўнікам, катаўся з журналістамі на веласіпедах. Дый увогуле першае інтэрв'ю даваў незалежным медыя, за што пасля атрымліваў ад прапаганды. Разам з тым менавіта за подпісам Юркевіча прыходзіў адказ аб тым, што мемарыяльная шыльда да 100‑годдзя БНР не будзе ўсталяваная.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула