БЕЛ Ł РУС

Белстат апублікаваў статыстычныя партрэты беларускіх бацькі і маці

9.10.2026 / 19:59

Nashaniva.com

З 14 да 21 кастрычніка ў Беларусі штогод адзначаюць Тыдзень бацькоўскай любові, які аб’ядноўвае Дзень маці 14 кастрычніка і Дзень бацькі 21 кастрычніка. З гэтай нагоды Белстат апублікаваў статыстычныя партрэты найбольш характэрных маці і бацькі ў Беларусі. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Сярэднестатыстычная беларуская маці мае грамадзянства Беларусі, знаходзіцца ў шлюбе, жыве ў горадзе і выхоўвае дваіх дзяцей. Звычайна яна мае вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю і працуе ў гандлі ці сферы адукацыі.

Сярэднестатыстычны бацька таксама мае беларускае грамадзянства, жанаты, жыве ў горадзе і выхоўвае дваіх дзяцей. Найчасцей ён мае вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю і працуе ў перапрацоўчай прамысловасці ці будаўніцтве.

На 1 студзеня 2026 года ў Беларусі жылі 4,0451 мільёна жанчын ва ўзросце ад 18 гадоў — 55,1% дарослага насельніцтва. Мужчын гэтай узроставай групы налічвалася 3,2947 мільёна, або 44,9%.

Сярод людзей ва ўзросце ад 18 да 39 гадоў на кожную тысячу жанчын прыпадала 1016 мужчын. У групе ва ўзросце 40 гадоў і старэйшых на тысячу жанчын было толькі 730 мужчын.

На пачатак 2026 года ў рэпрадуктыўным узросце ад 15 да 49 гадоў знаходзіліся 2,0889 мільёна жанчын, што складала 42,8% усіх жанчын краіны. З іх 84% жылі ў гарадах.

У 2025 годзе сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці складаў 30,5 года, а пры нараджэнні першынца — 27,6 года. Першыя дзеці складалі 40% усіх народжаных, другія — 34%, трэція і наступныя — 26%. У выніку выкарыстання экстракарпаральнага апладнення маці сталі 1610 жанчын.

За 2025 год у Беларусі зарэгістравалі крыху больш за 52 тысячы шлюбаў. Упершыню выйшлі замуж 61,6% жанчын, сярэдні ўзрост якіх складаў 26,7 года. Яшчэ 38,4% жанчын уступілі ў шлюб паўторна, іх сярэдні ўзрост — 40,5 года.

Сярод мужчын упершыню ажаніліся 65%, а іх сярэдні ўзрост пры першым шлюбе складаў 29 гадоў. Паўторна ў шлюб уступілі 35% мужчын, сярэдні ўзрост якіх быў 43,4 года.

Паводле перапісу насельніцтва 2019 года, у Беларусі налічвалася 2 612 413 сем’яў. У 43,7% з іх былі дзеці ва ўзросце да 18 гадоў. Сярод сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі 57,3% выхоўвалі адно дзіця, 33,5% — дваіх, а 9,2% — траіх і больш.

Чытайце таксама:

«Да апошняга не ведала, што кватэрнае пытанне можа вырашыцца». Мама тройні расказала, як наважылася прасіць жыллё ў Лукашэнкі

Гістарычны пералом: колькасць пажылых людзей у свеце ўпершыню перавысіла колькасць маленькіх дзяцей

У Японіі колькасць людзей, старэйшых за 100 гадоў, упершыню перавысіла 100 тысяч

Каментары да артыкула