БЕЛ Ł РУС

Віталь Пінчук нарэшце дэбютаваў у НХЛ. І адразу набраў першы бал ВІДЭА

11.10.2026 / 08:31

Nashaniva.com

«Нэшвіл» прайграў, але беларускі дэбютант быў адным з найлепшых у камандзе.

Віталь Пінчук. Фота: Chris Tanouye / Freestyle Photography / Getty Images

Беларускі форвард «Нэшвіла» Віталь Пінчук нарэшце дэбютаваў у НХЛ. Ён выйшаў на лёд у выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату супраць «Атавы».

24‑гадовага беларуса паставілі ў намінальна другую тройку. І ўжо ў першым перыядзе ён набраў свой дэбютны бал. На 9‑й хвіліне Пінчук аддаў галявую перадачу і дапамог Росу Колтану адкрыць лік. Віталь стаў другім беларусам, якому ўдалося набраць ачко ў дэбютным матчы ў НХЛ. Першым быў Ілля Протас з «Вашынгтона» ў мінулым сезоне.

Ross Colton's first #Preds goal Vitali Pinchuk's first @NHL point https://t.co/Lka7IFvHeR

— Nashville Predators (@PredsNHL) October 10, 2026

У выніку «Нэшвіл» прайграў «Атаве» ў серыі булітаў — 2:3. Пінчук правёў на лёдзе 11 хвілін 10 секунд, у тым ліку 2 хвіліны 12 секунд у большасці, нанёс адзін кідок міма брамы і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+1».

«Нэшвіл» набраў 6 ачкоў у 5 матчах і займае пятае месца ў сваім Цэнтральным дывізіёне.

Пінчук у мінулым сезоне выступаў за мінскае «Дынама» і стаў адным з найлепшых форвардаў КХЛ. Улетку беларус выбіраў сярод прапаноў амаль усіх клубаў НХЛ і падпісаў аднагадовы кантракт з «Нэшвілам» з заробкам крыху больш за мільён долараў.

Аднак дэбют Пінчука ў наймацнейшай лізе свету зацягнуўся. Спачатку яго наогул адправілі ў фарм-клуб, потым вярнулі ў асноўную каманду, але пакідалі ў запасе. Беларусу давялося чакаць пятага матчу сезона і траўмы партнёра Маўрыка Бурка, каб нарэшце выйсці на лёд.

Пінчук стаў 20‑м беларускім хакеістам, які згуляў у НХЛ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула