«Чырвоны ўзровень трывогі — не працуем, жоўты — спрабуем працаваць, каб не з’ехаць з глузду»
Расія ўжо два месяцы кругласутачна абстрэльвае Кіеў. Украінскі журналіст Дзяніс Трубяцкі ў вялікім інтэрв'ю «Медузе» расказаў пра тое, як горад прыстасоўваецца да гэтых умоў і ці зможа перажыць зіму.
Блэкаўт у Кіеве; Фота: Kostiantyn Liberov/Libkos/Getty Images
«Наша Ніва» публікуе асноўнае з гэтага інтэрв'ю.
«Мінулая зіма была самай цяжкай за апошнія 20 гадоў. Тэмпература часам апускалася да мінус 25 градусаў. Цэлыя раёны Кіева, асабліва на левым беразе Дняпра, тыднямі жылі без святла і цяпла, — кажа Дзяніс. — Аднак і гэтае лета таксама аказалася самым складаным у гісторыі горада».
Па яго словах, супалі два фактары.
— Па-першае, зімой Трамп пачаў у Іране сваю вельмі паспяховую аперацыю «Эпічная лютасць», што прывяло да вялікага дэфіцыту ўзбраенняў. Гэта моцна паўплывала на сітуацыю з супрацьпаветранай абаронай. Найлепш супраць балістычных ракет працуе ракета PAC-3 MSE для сістэм Patriot. У ліпені Украіна атрымлівала іх невялікімі партыямі — па 15—20 ракет. Як выглядае сітуацыя зараз, мы не ведаем, кажа Дзяніс, але наўрад ці ліпеньскія паказчыкі моцна змяніліся.
Па-другое, Расія павялічыла вытворчасць сваіх балістычных ракет. Калі раней яна вырабляла каля 60 звычайных балістычных ракет у месяц, то цяпер — да 75. Ёсць яшчэ ракеты, якія ляцяць па квазібалістычнай траекторыі, напрыклад «Цыркон». Груба кажучы, гаворка ідзе пра вытворчасць прыкладна 80—100 балістычных і квазібалістычных ракет у месяц.
Украіне, па сутнасці, няма чым іх збіваць. Акрамя таго, у Кіеве размешчана некалькі сістэм Patriot — гэта сакрэт Палішынеля. Зразумела, што, калі тут узнік дэфіцыт [сродкаў СПА], страляць пачалі менавіта сюды, бо перад расійскім войскам адкрылася новае акно магчымасцяў.
Акрамя таго, ёсць праблема рэактыўных дронаў — «Герань-4» і «Герань-5». У прынцыпе, да такіх атак Украіна была маральна гатовая яшчэ з пачатку года. Тэхнічна ёсць чым іх збіваць, але надзвычай складана знайсці масавае рашэнне для барацьбы з гэтымі дронамі, якія лятаюць з хуткасцю да 650 кіламетраў у гадзіну. І адначасова зрабіць так, каб гэтае рашэнне не каштавала ў паўтара-два разы даражэй за самі «Герані».
Даволі часта ўдары наносіліся яшчэ да абвяшчэння паветранай трывогі. Але балістычныя ракеты ляцяць настолькі хутка, што нават калі ты ўжо пачуў сігнал трывогі, у многіх амаль няма магчымасці спусціцца ў сховішча: ракета можа прыляцець праз адну-дзве хвіліны пасля абвяшчэння трывогі.
І калі ў гэты момант ты, напрыклад, знаходзішся на вуліцы і толькі накіроўваешся ва ўкрыццё, гэта можа быць больш небяспечна, чым застацца ў калідоры. Ты кладзешся спаць і не ведаеш, у якую ноч гэта адбудзецца. На практыцы ўдар могуць нанесці ў любы момант.
Дзяніс кажа, што многія людзі ў яго асяроддзі ўжо на мяжы сваіх магчымасцяў.
«Думаюць пра будучую зіму. Тыя, у каго ёсць магчымасць кудысьці з'ехаць на зіму, ацэньваюць, ці могуць яны сабе гэта дазволіць. Я такой магчымасці не маю, кажа Дзяніс: немагчыма працаваць кіеўскім карэспандэнтам, не знаходзячыся ў Кіеве.
Мае сябры прыглядалі кватэры ў Івана-Франкоўску і Чарнаўцах. Цэны, натуральна, узляцелі да нябёсаў. Эканамічную сітуацыю ва Украіне можна апісаць адным сказам: людзі вельмі моцна збяднелі.
А наперадзе, пра гэта можна сказаць упэўнена, непазбежна будзе рэзкае падаражанне прадуктаў, інтэрнэту, сувязі і гэтак далей. Знайсці грошы на вельмі дарагую кватэру дзе-небудзь на захадзе краіны надзвычай складана.
Эканамічны складнік цяпер вельмі важны. Многія працадаўцы церпяць ад атак — яны закранулі амаль усе галіны. Людзям скарачаюць заробкі, і ў той жа час усё даражэе. Гэта ўводзіць людзей у псіхалагічны ступар.
У такіх стрэсавых сітуацыях хтосьці спраўляецца лепш, а хтосьці горш. Калі паглядзець на маё асяроддзе, колькасць людзей, якія прымаюць заспакаяльныя сродкі, звяртаюцца да псіхолагаў або псіхіятраў, вырасла ў разы.
— Калі цяпер прайсціся па Кіеве ў будны дзень, што змянілася ў параўнанні з летам? Што найперш кідаецца ў вочы?
— Значна павялічылася колькасць разбураных будынкаў. У Кіеве 1,2 тысячы шматпавярховікаў, і мне здаецца, што прыкладна траціна з іх за гэтыя чатыры з паловай гады пацярпела. Не заўсёды катастрафічна, але хаця б адно акно ды выбіла.
У горадзе стала менш людзей, хоць гэта можа быць і не вельмі заўважна. Спецыфіка Кіева такая, што адначасова з тым, як адны людзі з'язджаюць, прыязджаюць новыя — з Сумаў або іншых гарадоў [размешчаных блізка да фронту].
— Афіцыйных лічбаў пакуль няма, але я заўважыў, што стала лягчэй прыпаркавацца, менш людзей ходзіць у кавярні і рэстараны. Менш людзей можна сустрэць і на вуліцах, хоць, магчыма, гэта звязана з тым, што многіх пераводзяць на дыстанцыйную працу.
А яшчэ кідаецца ў вочы, што людзі сталі значна больш нервовымі.
— Усё больш людзей пераходзіць на дыстанцыйную працу?
— Так, там, дзе гэта магчыма. Універсітэты пачалі даволі масава пераводзіць навучанне ў дыстанцыйны фармат. З 1 верасня школы не пачалі нармальна працаваць у звычайным вочным рэжыме — пры такой колькасці гадзін паветранай трывогі на дзень гэта вельмі складана.
Акрамя таго, апошнім часам Расія атакуе ўкраінскія дата-цэнтры. Возьмем удар па Нацыянальнай акадэміі навук [28 верасня]: у суседнім з ёй доме знаходзіцца адзін з офісаў «Укртэлекама», украінскага інтэрнэт-правайдара. У той жа дзень быў нанесены ўдар па іншым офісе «Укртэлекама», які размешчаны ў адным будынку з прыватнай клінікай «Дабрабут». Яшчэ адзін удар [25 верасня] прыйшоўся па дата-цэнтры на Шуляўцы, які знаходзіцца ў офісным будынку. Там таксама былі жудасныя карціны — трупы літаральна ляжалі на вуліцы.
Расія сябе не стрымлівае — і я кажу гэта без перабольшання. Не тое каб у гэтым выпадку яна абавязкова мэтанакіравана біла па грамадзянскіх аб'ектах, але гэта ўжо не пабочная шкода — гэта частка ваеннай стратэгіі.
У працоўны час Расія можа нанесці ўдар па аўтазапраўцы або вялікім офісным цэнтры. Мяркуючы па ўсім, яна і надалей будзе прытрымлівацца такой тактыкі. А ты з улікам таго, наколькі хутка ўсё ляціць, нават нічога не можаш зрабіць.
Па словах журналіста, усе прадстаўнікі бізнэсу па-рознаму бачаць будучыню, але лічаць, што рэстаранны бізнэс у гандлёвых цэнтрах не перажыве гэтую зіму: там небяспечна выводзіць супрацоўнікаў на працу падчас паветранай трывогі, нават калі яна мае жоўты ўзровень.
Ёсць падставы меркаваць, што Расія будзе наносіць удары па гандлёвых цэнтрах. Таму, хутчэй за ўсё, спыніць існаванне не толькі рэстаранны бізнэс у ГЦ, але і ўвесь рытэйл у іх. Пры гэтым для эканомікі Украіны гандлёвыя цэнтры — важны сегмент.
У Кіеве ёсць «Рэспубліка» і Blockbuster Mall — гэта найбуйнейшыя гандлёвыя цэнтры не толькі ва Украіне, але і ва ўсёй [Усходняй] Еўропе.
Прадпрымальнікі — незалежна ад таго, ці займаюцца яны продажам адзення, рэстаранным бізнесам або чымсьці іншым, — спрабуюць шукаць рашэнні. Аднак ніхто не можа на сто адсоткаў прадбачыць, якая сітуацыя складзецца зімой, таму ўсё гэта — адна вялікая імправізацыя.
У астатнім бізнэс арыентуецца на адаптацыю: чырвоны ўзровень трывогі — не працуем, жоўты — спрабуем неяк працаваць, бо інакш можна з глузду з'ехаць.
— Чырвоны ўзровень трывогі можа доўжыцца гадзінамі?
— Насамрэч не, хутчэй жоўты. Гэта мэтанакіраваная тактыка Расіі: запускаць невялікія групы рэактыўных дронаў па чарзе. Адзін далятае, яго збіваюць, потым запускаюць другі. Усё гэта робіцца альбо для таго, каб жоўтая трывога працягвалася практычна бясконца, альбо каб праз 20 хвілін зноў абвяшчалася такая ж жоўтая трывога.
Чырвоны ўзровень — гэта ўжо альбо сапраўды масіраваная атака дронаў, альбо канкрэтная ракетная пагроза.
— Наколькі моцна змяніўся распарадак дня кіяўлян пасля таго, як абстрэлы пачалі адбывацца ў працоўны час?
— Ніякага распарадку не існуе — суцэльная імправізацыя. Сустрэчы пастаянна пераносяцца і адмяняюцца, але бізнэс нейкім чынам прымудраецца працаваць. Я сам здзіўляюся, як кавярні на маёй вуліцы змудраюцца адкрывацца своечасова. Калі ты хочаш выпіць кавы ў кавярні, якая адкрываецца а восьмай раніцы, то нейкім чынам можаш гэта зрабіць.
За гэтыя чатыры з паловай гады ў нас усялякае здаралася. Але такога ўзроўню трывожнасці раней не было. Цяпер яна стала пастаяннай. Людзі бачаць, што адбываецца. Вельмі часта бывае, што рэактыўныя «Герані» пралятаюць проста над галавой. Як ні дзіўна гэта прагучыць, але гэта добра, бо тады цябе ўжо непасрэдна не закране. Хутчэй за ўсё.
Я шмат чаго бачыў за гэтыя гады, але калі гэтая звышхуткая штука, якая па гуку нагадвае ціхі рэактыўны самалёт, праносіцца ў цябе над галавой, гэта вельмі дзейнічае на нервы.
Дзяніс мяркуе, што ў будучыні можа ўзнікнуць складаная сітуацыя з медыкаментамі. Некаторыя віды лекаў могуць апынуцца ў дэфіцыце: былі ўдары па прадпрыемстве буйной фармацэўтычнай кампаніі «Дарніца» ў Кіеве. У першую чаргу гэта частка эканамічнай вайны, але такія атакі паказваюць, што жыцці мірных жыхароў Расію не надта хвалююць. Думаю, у 2026 годзе гэта ўжо не трэба тлумачыць.
Ёсць яшчэ і пабочная шкода. Падчас атак на склады дастаецца абсалютна ўсім — і кніжным выдавецтвам, і вытворцам самых розных тавараў. Было знішчана таксама даволі шмат складоў з лекамі. Гэта не азначае, што ўзнікне катастрофа, але можа пачацца дэфіцыт пэўных медыкаментаў.
Дзяніс кажа, што наўрад ці існуе пагроза голаду.
— Магчымасці ўкраінскага аграрнага сектара, нягледзячы на ўсе праблемы 2022 года, велізарныя. Але дэфіцыт тавараў і істотнае падаражанне практычна непазбежныя. Маштабы гэтага мы пакуль не можам ацаніць. Аднак пражыць зіму, харчуючыся, умоўна кажучы, адной грэчкай, цалкам будзе магчыма.
Цяпер робяцца спробы перабудаваць лагістыку такім чынам, каб пастаўляць у супермаркеты больш тавараў непасрэдна ад пастаўшчыкоў. Але тых аўтапаркаў, якія былі ў сеткавых крамах і пастаўшчыкоў у 2000‑х гадах і якія тады былі неабходныя, цяпер ужо няма.
Застаецца таксама магчымасць завозіць прадукты з Еўрапейскага саюза. Мы ўжо бачылі падобную сітуацыю ў 2022 годзе, у тым ліку на прыкладзе бензіну і прадуктаў харчавання. Тады Расія знішчала нешматлікія ўкраінскія нафтаперапрацоўчыя заводы, і цяпер Украіна практычна на 100% залежыць ад бензіну з Еўропы.
— Мінулой зімой праз адключэнні электрычнасці і ацяплення з Кіева з'ехалі 600 тысяч чалавек. Ці варта чакаць такога ж масавага адтоку насельніцтва гэтай зімой?
— Для пачатку хачу адзначыць, што лічба Клічко пра 600 тысяч узятая са столі. Людзі з'язджалі, але прыкметнага адтоку насельніцтва не было. Гэтай зімой сітуацыя, верагодна, будзе іншай, бо многае залежыць ад цэлага шэрагу фактараў.
Зразумела, што для людзей, у якіх ёсць сваякі [ў іншых гарадах] або дом у якой-небудзь вёсцы, дзе прынамсі можна паліць дровамі, гэта варыянт. Але ў многіх абмежаваная мабільнасць — найперш я маю на ўвазе мабілізацыю. За межамі Кіева ёсць блокпасты, і калі ў цябе не ўсё ў парадку з дакументамі, далёка на машыне асабліва не з'едзеш. Таму частка людзей фактычна не зможа выехаць з Кіева. А разам з імі часта застаюцца дзяўчаты, жонкі і дзеці.
І, як я ўжо казаў, цэны выраслі настолькі, што далёка не кожны можа дазволіць сабе зняць кватэру дзе-небудзь на захадзе Украіны.
— Тыя, хто застанецца ў горадзе, могуць падрыхтавацца да зімы?
— Тут нічога новага. Зразумела, што бензінавы генератар у шматкватэрным доме на балконе не паставіш, бо можа згарэць уся кватэра. Але паўэрбанкі, зарадныя станцыі EcoFlow і ўся гэтая інфраструктура ў людзей у цэлым ужо ёсць.
Я не кажу, што ва ўсіх, бо ёсць і тыя, хто асабліва гэтым не займаецца і жыве як жыве, у залежнасці ад абставін. Але тыя, хто хацеў падрыхтавацца да зімы, у цэлым даўно да яе гатовыя.