БЕЛ Ł РУС

У Магілёве кафэ дорыць школьнікам слодычы за добрыя адзнакі. Трэба толькі паказаць дзённік

14.10.2026 / 10:53

Nashaniva.com

Прынамсі пакуль акцыя бестэрміновая.

Скрыншот: @svetlana.palkova / Threads

Магілёўскае кафэ Snack time, якое адкрылася гэтым летам па адрасе Грышына, 61, зладзіла акцыю для школьнікаў. Вучні, якія прынясуць дзённік з добрымі адзнакамі, атрымліваюць у падарунак цукеркі або іншыя слодычы.

«Цяпер у вашага школьніка ёсць дадатковы стымул старацца на ўроках. Усё проста: прыходзьце да нас, паказвайце дзённік з бягучымі поспехамі, і ваша дзіця атрымае заслужаны падарунак!» — гаворыцца ў апісанні акцыі ў інстаграм-акаунце ўстановы.

Скрыншоты: my.mogilev, snack.time.mogilev / Instagram

Таксама інфармацыя аб акцыі размешчана непасрэдна на касе кафэ.

Вучняў, ахвотных атрымаць салодкі падарунак за добрыя адзнакі, па ўсёй бачнасці хапае. У тым ліку праз тое, што побач з кавярняй знаходзіцца 25‑я школа.

Магілёўская блогерка выклала відэа з кавярні ў трэдсах — пад ім дзясяткі хвалебных каментароў.

«Малайцы і дзеці, і ўстанова. Класны стымул дзеткам добра вучыцца. І рэклама ўстанове», — напісала адна з жанчын.

«Самае добрае, што я бачыла», «Ідэя супер! Чаму я ўжо не школьнік?» — ацэньваюць іншыя.

«Прыкольна, але можа быць чужы дзённік», — звяртае ўвагу адзін з карыстальнікаў.

Хтосьці згадаў, што падобная акцыя была ў сталіцы. «У Мінску каля школы ёсць шаурмічная, і яны ў мінулым годзе за добрую адзнаку ў дзённіку давалі купон на 5 рублёў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула