БЕЛ Ł РУС

Па-беларуску выйшла кніга «Дух надзеі» пра тое, як дзейнічаць, калі будучыня палохае, і як супрацьдзейнічаць страху

14.10.2026 / 11:26

Nashaniva.com

На рускай мове кнігі вядомага карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана яшчэ няма.

Як захаваць здольнасць думаць, дзейнічаць і ўяўляць лепшую будучыню, калі страх становіцца часткай паўсядзённасці? Гэтаму прысвечаная першая перакладзеная на беларускую мову кніга карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана. Для перакладчыцы Аляксандры Логвінавай яе з’яўленне — вынік двух гадоў працы і адказ на пытанне, асабліва важнае для беларускай супольнасці.

Выдавецтва «Логвінаў» выпусціла кнігу «Дух надзеі: супраць грамадства страху». З нямецкай яе пераклала Аляксандра Логвінава, рэдактаркай стала філосафка Таццяна Шчытцова.

Логвінава расказала ў Facebook, што кніга дапамагла ёй сфармуляваць уласныя здагадкі і адчуванні. Менавіта таму захацелася зрабіць яе даступнай па-беларуску.

«Два гады ад гэтай задумы да кнігі, якую цяпер можна (і вельмі прыемна) трымаць у руках!» — напісала перакладчыца.

З Ханам яна пазнаёмілася выпадкова: шукала чытанне на адпачынак і знайшла ў кнігарні ягоны «Крызіс апавядальнасці». Пра папулярнасць аўтара тады не ведала. Цяпер радуецца гэтаму: гучныя характарыстыкі маглі перашкодзіць спакойна прачытаць і ацаніць яго тэксты.

Хан піша пра тое, як лічбавыя тэхналогіі і культ прадуктыўнасці ўплываюць на чалавечае жыццё, сувязі і адчуванне сэнсу. Але, паводле Логвінавай, яго адрознівае і форма: кароткія эсэ, афарыстычныя сказы, сканцэнтраваныя думкі замест грувасткай тэрміналогіі.

«Дык навошта чытаць гэту кнігу? Бо ў цяперашнім клімаце вельмі складана ўявіць сабе магчымасць зменаў, і наогул, навошта ўвогуле яшчэ пра нешта клапаціцца. І калі свет выглядае так, быццам нічога добрага нас не чакае, надзея пачынае здавацца ці то наіўнасцю, ці то раскошай, якую мы не можам сабе дазволіць. «Дух надзеі» — добрае проціяддзе ад такога мыслення. Хан не заклікае глядзець на свет праз ружовыя акуляры і не абяцае, што ўсё будзе добра. Наадварот, ён прапануе паразважаць, чаму надзея — гэта ўмова таго, каб не змірыцца з цяперашнім станам рэчаў і захаваць магчымасць дзейнічаць», — піша Логвінава.

Для беларускіх чытачоў гэтая кніга можа быць асабліва блізкай. Страх і нявызначанасць ускладняюць не толькі планы на будучыню, але і саму веру ў магчымасць зменаў. Гэта размова пра тое, як людзі могуць уяўляць і ствараць будучыню разам.

Беларускую перспектыву развівае пасляслоўе Таццяны Шчытцовай. Логвінава асобна раіць звярнуць на яго ўвагу: філосафка разглядае Хана найперш з беларускага пункту гледжання.

Ёсць і яшчэ адна адметнасць: паводле перакладчыцы, кніга пакуль не выйшла па-руску.

«Так што гэтым разам беларуская версія не прыйшла ўслед за расійскай, як гэта звычайна бывае, а сама апынулася наперадзе. І, пагадзіцеся, гэта прыемна», — адзначыла яна.

На сайце «Логвінава» кніга каштуе 8 еўра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула