БЕЛ Ł РУС

У Мінску запусцілі дадатак для цяжарных. З доктарам можна будзе размаўляць анлайн

15.10.2026 / 11:52

Nashaniva.com

У Мінску запусцілі пілотны праект — лічбавую медыцынскую платформу для цяжарных.

Будучыя мамы змогуць захоўваць усе даныя ў дадатку, весці там дзённік самаадчування, адсочваць змены вагі і артэрыяльнага ціску, а таксама атрымліваць напаміны пра планавыя візіты да ўрача ў жаночую кансультацыю і неабходнасць прыёму вітамінаў. Але галоўнае — магчымасць атрымаць анлайн-кансультацыю доктара, піша Onliner.by.

Лічбавая платформа медыцынскага сэрвісу InDev Health для дыстанцыйнага маніторынгу здароўя цяжарных пачала працаваць у пілотным рэжыме. Пакуль што — на базе 4‑й жаночай кансультацыі 1‑й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

«Дыстанцыйная лічбавая платформа дазволіць пацыентцы аператыўна атрымліваць адказы на пытанні, якія яе цікавяць, ад урача. Гэта ўзмацняе кантроль за вядзеннем цяжарнасці, а таксама дапамагае знізіць трывожнасць і пэўныя страхі ў цяжарнай жанчыны. Дзякуючы лічбавай платформе ўрачы могуць адсочваць паказчыкі артэрыяльнага ціску, рухальную актыўнасць плода, крывую ўзроўню глікеміі. Акрамя таго, цяжарная жанчына ў любы момант можа задаць пытанне, і ўрач на працягу кароткага часу адкажа на яго», — расказала доктар — акушэр-гінеколаг, загадчыца аддзялення Аляксандра Шкарупа.

Пацыентку ў базу даных уносіць адміністратар. Пасля гэтага інфармацыю бачыць доктар, які робіць неабходныя прызначэнні, мае зносіны з пацыенткай у чаце, каардынуе абследаванні і гэтак далей.

Паведамляецца, што ў дадатку ёсць нават магчымасць відэачата: пацыентка адпраўляе запыт, а ўрач вырашае, адказаць на яго ці перанесці размову на іншы час.

Галоўная мэта праекта — спрасціць камунікацыю паміж пацыентам і доктарам. У будучыні лічбавую платформу могуць укараніць па ўсёй краіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула