БЕЛ Ł РУС

Вясковец з-пад Іўя папрасіў п'янага сябра-бяспраўніка сесці за руль. Той разагнаўся да 202 км/г — і забіў гаспадара аўто аб слуп

16.10.2026 / 15:10

Nashaniva.com

20‑гадоваму кіроўцу далі пяць гадоў калоніі.

Фота: МУС

Суд Іўеўскага раёна вынес прысуд па справе пра смяротную аварыю, паведамляе Гродзенскі абласны суд.

У чэрвені 2026 года 20‑гадовы мясцовы жыхар піў разам з сябрамі. Каля 5‑й раніцы 37‑гадовы гаспадар «Хонды», таксама п'яны, папрасіў яго сесці за стырно. Пасведчання кіроўцы ў маладзёна не было.

Яны ехалі па дарозе ад Іўя ў бок Ліпнішак. Кіроўца разагнаў машыну да 202 км/г, вылецеў з дарогі і на поўнай хуткасці рэзнуўся ў апору лініі электраперадачы.

Гаспадар машыны сядзеў на пярэднім пасажырскім сядзенні і не быў прышпілены рэменем бяспекі. Ён атрымаў цяжкія траўмы і загінуў на месцы.

А кіроўца выжыў, хай і застаўся з паламанай нагой.

Суд прызнаў кіроўцу вінаватым па ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правіл дарожнага руху ў стане алкагольнага ап'янення, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці чалавека). Яму прызначылі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і на 8 гадоў забаранілі кіраваць транспартнымі сродкамі.

Акрамя таго, ён павінен выплаціць сястры загінулага 30 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула