БЕЛ Ł РУС

Ніводзін з сямі кандыдатаў на пасаду генеральнага сакратара ААН не атрымаў падтрымкі ўсіх пастаянных членаў Рады бяспекі

17.10.2026 / 10:29

Nashaniva.com

Чарговае папярэдняе галасаванне пройдзе на наступным тыдні. Магчымае і вылучэнне новых кандыдатаў.

Фота: Doug Armand / Getty Images 

Падчас папярэдняга галасавання 16 кастрычніка кожны з сямі прэтэндэнтаў на пасаду генеральнага сакратара ААН сутыкнуўся з пярэчаннямі як мінімум аднаго пастаяннага члена Рады бяспекі ААН. Пра гэта паведамляе «Новая газета Еўропа» са спасылкай на AP.

Правам вета валодаюць ЗША, Расія, Кітай, Вялікабрытанія і Францыя.

Першае месца захавала генеральная сакратарка гандлю і развіцця ААН Рэбека Грынспан з Коста-Рыкі. Яна атрымала дзевяць галасоў у падтрымку і пяць супраць, у тым ліку два ад пастаянных членаў Рады бяспекі.

Па два галасы супраць ад пастаянных членаў таксама атрымалі кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі з Аргенціны і прадстаўніца Гаяны пры ААН Каралін Радрыгес-Біркет. Іх таксама называюць сярод найбольш верагодных кандыдатаў.

Паводле паведамленняў амерыканскіх СМІ, Вашынгтон выступае супраць усіх сямі прэтэндэнтаў на пасаду генеральнага сакратара.

Гэта быў шосты папярэдні раўнд. Кожны з 15 членаў Рады бяспекі мог падтрымаць кандыдата, выступіць супраць або не выказваць свайго меркавання.

Упершыню выкарыстоўваліся розныя бюлетэні для пастаянных і непастаянных членаў, што дазволіла вылучыць пазіцыі краін, якія маюць права вета.

Адмоўны голас на гэтым этапе яшчэ не азначае фармальнага вета. Краіны могуць змяніць сваю пазіцыю ў наступных раўндах.

Паводле звестак AP, чарговае папярэдняе галасаванне пройдзе на наступным тыдні. Магчымае і вылучэнне новых кандыдатаў.

Каб атрымаць рэкамендацыю Рады бяспекі, прэтэндэнт павінен набраць як мінімум дзевяць галасоў і не сутыкнуцца з вета з боку пастаянных членаў. Пасля гэтага кандыдатуру зацвярджае Генеральная асамблея ААН.

Другі пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў дзейнага генеральнага сакратара Антоніу Гутэрышa заканчваецца 31 снежня 2026 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула