У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты
У Францыі 17 кастрычніка прайшлі пратэсты супраць росту кошту жыцця і праблем у сістэме адукацыі. Акцыі адбыліся ў Парыжы, Марселі, Ліёне, Рэне і іншых гарадах. Яны суправаджаліся сутычкамі з паліцыяй, спробамі перакрыць дарогі і затрыманнямі ўдзельнікаў, піша Euronews.
Пратэсныя выступленні ў Парыжы. Фота: AP Photo / Thibault Camus
Паводле звестак паліцыі, у Парыжы затрымалі не менш за 61 чалавека. З іх 21 чалавека затрымалі пасля акцыі каля штаб-кватэры тэлеканала CNews, які ўваходзіць у медыяканцэрн Венсана Балёрэ, вядомага правакансерватыўнымі поглядамі. Каля ста дэманстрантаў кідалі розныя прадметы ў вокны будынка.
Яшчэ 40 чалавек затрымалі за нашэнне ахоўнага рыштунку або прадметаў, якія паліцыя расцаніла як забароненую зброю. У некаторых раёнах французскай сталіцы правядзенне дэманстрацый забаранілі.
У Марселі група пратэстоўцаў на пэўны час уварвалася ў будынак мэрыі, праламаўшы ўваходныя дзверы металічнымі агароджамі. Паліцыя выцесніла іх з будынка. Тамсама праваахоўнікі спынілі спробу натоўпу заблакаваць вуліцу, а некаторыя дэманстранты спрабавалі атакаваць паліцэйскі ўчастак.
У Рэне і Ліёне ўдзельнікі акцый таксама спрабавалі перакрываць рух транспарту.
Па ўсёй краіне было заяўлена каля 1500 розных дэманстрацый. Паліцыя чакала, што ў Парыжы і ваколіцах у іх возьмуць удзел каля 40 тысяч чалавек, а ў астатніх рэгіёнах — яшчэ прыкладна 150 тысяч.
Пратэсты выкліканыя не толькі падаражаннем жыцця, але і планамі скараціць выдаткі на адукацыю. З сярэдзіны верасня французскія школьнікі патрабуюць павялічыць колькасць настаўнікаў, паменшыць напаўняльнасць класаў і палепшыць умовы навучання.
Напярэдадні прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў удзельнікаў акцый да стрыманасці. Ён падкрэсліў, што права на пратэст не павінна суправаджацца гвалтам і беспарадкамі.
Чытайце таксама:
Францыю ахапілі студэнцкія пратэсты
Улады Францыі закрываюць сотні школ з-за пратэстаў, што не спыняюцца
У Францыі пратэстуюць школьнікі. Затрыманыя больш за 160 чалавек