БЕЛ Ł РУС

У Францыі пратэсты суправаджаюцца пагромамі і падпаламі. Затрымалі 1200 чалавек

18.10.2026 / 08:32

Nashaniva.com

Паводле МУС Францыі, на вуліцы 17 кастрычніка выйшлі каля 550 тысяч чалавек. Людзі патрабавалі спыніць рост кошту жыцця і палепшыць працу дзяржаўных службаў. У шэрагу гарадоў адбыліся сутыкненні з паліцыяй, гарэлі крамы і адміністрацыйныя будынкі.

Фота: Hesham Elsherif / Anadolu via Getty Images

Да шматтыднёвых выступаў старшакласнікаў далучыліся прафсаюзы і ўдзельнікі руху «жоўтых камізэлек». Пратэстоўцы выступаюць супраць дарагога паліва, росту паўсядзённых выдаткаў і пагаршэння якасці дзяржаўных паслуг, у тым ліку адукацыі.

Увечары прэм’ер-міністр Францыі Себасцьен Лекарню паведаміў пра 1200 затрыманых і 150 параненых паліцэйскіх. Ён падкрэсліў права людзей на мірны пратэст, але асудзіў падпалы, рабаванні і напады.

Галоўнымі асяродкамі сутыкненняў сталі Парыж і Марсель. Паліцыя выкарыстоўвала вадамёты і слёзатачывы газ.

У Парыжы выкарысталі газ калі некалькі дзясяткаў чалавек спрабавалі забрацца на 25‑метровы манумент на плошчы Рэспублікі. Паводле МУС, у сталіцы таксама пашкодзілі будынак мэрыі.

У Марселі ўдзельнікі беспарадкаў рабавалі крамы, праніклі ў мэрыю, узводзілі і падпальвалі барыкады. У Ліёне падпалілі турыстычнае бюро і крамы. У Ліможы пажар моцна пашкодзіў гістарычны будынак мэрыі, яго дах абрынуўся.

У Кане, паводле МУС, з дапамогай дарожнага катка ўзламалі вароты паліцэйскага ўчастка і пашкодзілі дзве паліцэйскія машыны.

Прэзідэнт Эмануэль Макрон заявіў, што вінаватых у нападах і рабаваннях прыцягнуць да адказнасці.

«Тыя, хто парушаў парадак, нападаў на прэфектуры і прадпрыемствы, рабаваў нават нашы гарадскія рады, будуць прыцягнутыя да адказнасці і пакараныя», — напісаў ён у X.

Урад абвінаваціў ультралевыя групы ў правакаванні беспарадкаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Лекарню заявіў, што ніхто не зможа навязаць сваю палітычную праграму праз гвалт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула