У Наваполацку не ўдалося ўратаваць мазаіку на будынку былой школы №5
Энтузіясты прасілі захаваць хаця б фрагмент мазаікі на будынку былой школы №5 у Наваполацку, але ўратаваць пано не ўдалося.
У тыктоку з’явілася відэа, на якім сцяну з мазаікай разбураюць.
Раней паведамлялася пра спробы энтузіястаў захаваць пано. Праз тэхналогію стварэння мазаікі зняць яе са сцяны цалкам было немагчыма. Для захавання трэба было альбо пакінуць усю сцяну альбо выразаць фрагменты пано разам з цаглянай асновай.
Абодва варыянты патрабавалі значных выдаткаў. Таму энтузіясты прапанавалі кампраміс — выразаць хаця б адзін фрагмент мазаікі, каб размясціць яго ў іншым месцы. Яны шукалі грошы і спецыялістаў для такіх работ.
Школа №5 на вуліцы Дзяржынскага, 4 працавала з 1972 да 2021 года. Яе закрылі ў межах аптымізацыі, а вучняў перавялі ў школу №1. Будынак вырашылі знесці, каб вызваліць месца для іншага аб’екта.
У гэтай школе выкладалі пісьменнік і перакладчык Якуб Лапатка і паэт-бард Сяржук Сокалаў-Воюш. Сярод яе выпускнікоў — хакеісты, браты Андрэй і Сяргей Касціцыны.