БЕЛ Ł РУС

Мужчынская і жаночая скура загойваюцца па-рознаму — прычына нечаканая

28.10.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Навукоўцы выявілі, што важную ролю ў гэтым адыгрываюць палавыя гармоны.

Фота: Dusan jelicic / Vecteezy

Скура чалавека пастаянна абнаўляецца дзякуючы стваловым клеткам, якія знаходзяцца ў яе вонкавым слоі — эпідэрмісе. Яны дзеляцца, утвараючы новыя клеткі. Частка з іх застаецца стваловымі, а іншыя паступова спецыялізуюцца, перамяшчаюцца да паверхні скуры і ўрэшце адслойваюцца. Аднак механізмы гэтага працэсу доўгі час заставаліся прадметам навуковых спрэчак.

Каб высветліць, як абнаўляюцца клеткі скуры, даследчыкі з Брусельскага свабоднага і Кембрыджскага ўніверсітэтаў выкарыстоўвалі адмысловую мікраскапію. На працягу пяці месяцаў яны сачылі за дзяленнем стваловых клетак і іх далейшым развіццём. Пра вынікі іх працы расказвае італьянская газета Corriere della Sera.

У самак мышэй раны загойваліся хутчэй

Навукоўцы ўбачылі, што стваловыя клеткі скуры не адразу ператвараюцца ў сталыя. Спачатку яны праходзяць прамежкавую стадыю, падчас якой яшчэ могуць дзяліцца, але толькі абмежаваную колькасць разоў. Пры гэтым у самцоў і самак працэс адбываецца па-рознаму.

У самак дзве клеткі, якія ўтварыліся пасля дзялення адной мацярынскай, часцей дзейнічаюць сінхронна: адначасова працягваюць дзяліцца або пераходзяць да спецыялізацыі. У самцоў гэтыя працэсы менш узгодненыя.

Даследчыкі таксама заўважылі, што раны на скуры самак мышэй загойваліся хутчэй, асабліва ў першыя дні пасля пашкоджання. Часткова гэта тлумачыцца больш скаардынаванай працай клетак. Па меры загойвання розніца паміж самцамі і самкамі памяншалася.

Чаму такая розніца?

Даследаванне паказала, што гэтыя адрозненні звязаныя з дзеяннем палавых гармонаў. Мужчынскія гармоны, у тым ліку тэстастэрон, паскараюць ператварэнне стваловых клетак у спецыялізаваныя клеткі скуры. Жаночыя ж спрыяюць больш узгодненай працы клетак, якія ўтварыліся ў выніку аднаго дзялення.

Каб праверыць, ці дзейнічае падобны механізм у людзей, навукоўцы правялі эксперыменты з чалавечай скурай, вырашчанай у лабараторыі. Яны ўбачылі, што пад уздзеяннем актыўнай формы тэстастэрону клеткі таксама хутчэй пераходзілі да спецыялізацыі.

Гэта сведчыць, што заўважныя ў мышэй механізмы могуць дзейнічаць і ў людзей. Аднак даследаванне пакуль не даказвае, што ў жанчын раны заўсёды загойваюцца хутчэй, чым у мужчын.

Чым гэта адкрыццё можа быць карысным

Новыя звесткі пра аднаўленне скуры могуць дапамагчы ў распрацоўцы метадаў лячэння апёкаў, пасляаперацыйных ран і хранічных язваў, у тым ліку ў людзей з дыябетам.

Акрамя таго, навукоўцы плануюць вывучыць, як палавыя адрозненні ў працы стваловых клетак уплываюць на ўзнікненне і развіццё раку скуры.

Як адзначаюць аўтары даследавання, пол чалавека часта недастаткова ўлічваецца ў біялогіі і медыцыне, хоць можа істотна ўплываць на працу клетак і развіццё захворванняў. На іх думку, улічванне гэтых адрозненняў можа адкрыць новыя магчымасці для распрацоўкі метадаў лячэння.

Чытайце таксама:

Жанчыны ходзяць, як і сотні тысяч гадоў таму, а хада мужчын змянілася. Чаму?

Ці праўда, што мужчыны хочуць сэксу больш, чым жанчыны? Даследавалі навукоўцы

Ад каго ў еўрапейцаў белая скура, высокі рост, схільнасць да дыябету і рассеянага склерозу

Каментары да артыкула