Азаронак выступіў у гумарыстычным «ДХ шоу»
У пародыі на грамадска-палітычнае ток-шоу ён вырашаў спрэчку, ці трэба браць з сабой пакет у краму. Раман Пратасевіч у зале заходзіўся ад смеху.
Скрын відэа: ctv.by
На беларускім тэлеканале СТБ з мая 2026 года выходзіць новая гумарыстычная праграма «ДХ шоу». Яе стварае магілёўская каманда КВЗ «Доктар Хаус», якая была заснаваная ў 2008 годзе, а ў 2022‑м стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ у Расіі.
З кастрычніка стартаваў новы сезон. Стваральнікі пазіцыянуюць праект як гумар «пра беларусаў, для беларусаў і ад беларусаў». Гэта шматфарматнае шоу са сцэнкамі, пародыямі, жартамі на актуальныя тэмы і запрошанымі знакамітасцямі. Стваральнікі абяцалі, што сярод гасцей будуць не толькі артысты і папулярныя блогеры, але і высокапастаўленыя чыноўнікі.
У нядаўнім выпуску праграмы, які выйшаў 10 кастрычніка, з'явіўся адзін з самых адыёзных беларускіх прапагандыстаў — Рыгор Азаронак.
Вядомы сваімі істэрычнымі маналогамі ў абарону Лукашэнкі, абразамі палітычных апанентаў, антызаходняй рыторыкай і захапленнем Сталіным, на гэты раз ён прымерыў на сябе нязвыкла ролю прымірэнца.
Азаронак стаў удзельнікам гумарыстычнай сцэнкі «Сумненні» — пародыі на грамадска-палітычныя ток-шоу, якая выходзіць на тым жа СТБ.
Тэмай дэбатаў было «пытанне, якое падзяліла краіну на два лагеры»: ці трэба кожны раз купляць новы пакет у краме або лепш прыходзіць са сваім.
Два ўдзельнікі дыскусіі прыводзілі аргументы:
— Пакет трэба купляць. Па-першае, новае заўсёды прыемнае, а па-другое, гэта разганяе эканоміку, дае працоўныя месцы. А я, як дырэктар палімернага завода, ведаю, пра што кажу.
— А я, як бюджэтнік, сцвярджаю: пакет трэба насіць з сабой. Па-першае, насіць пакет з сабой — гэта магчымасць выпіць у любым парку, а па-другое, ты ніколі не ведаеш, калі табе пакет з сабой прыдасца.
— Пакеты трэба заўсёды купляць. Не купляючы пакет, вы зрываеце паказы мод у дзіцячых лагерах. Падумайце пра дзяцей. Бо пакет-майка — гэта яшчэ і спадніца. І купляючы пакет, вы заўсёды робіце сметніцу ярчэйшай.
Паступова спрэчка перарасла ва ўзаемныя абразы. У пэўны момант апаненты счапіліся і сталі тузаць адзін аднаго.
І тут на сцэне з'явіўся Азаронак, які лагодным голасам заклікаў спыніць сварку.
«Спыніцеся! Ціха! Ціха, спакойна. Бо любое пытанне можна вырашыць абсалютна па-добраму, благасна і самае-самае галоўнае — ніякіх абразаў. І зусім не важна, які ў вас пакет, дзе яго ўзялі, купілі ў краме ці забралі з дому. Гэта абсалютна не важна. Самае галоўнае, каб ён быў (перашоў на грозны тон) не польскі».
Пасля гэтых слоў камера пераключылася на залу, каб паказаць рэакцыю публікі. У кадр трапіў Раман Пратасевіч, які смяяўся з жарту Азаронка.
Скрын відэа: ctv.by
Чытайце таксама:
Франтмен «Доктара Хауса»: Мужчына лепш піша жарты, бо ён больш прадукцыйны
Беларуская каманда «Доктар Хаус» так сабе жартавала з Беларусі і беларусаў у расійскім шоу
У расійскім КВЗ Беларусь па-хамску паказалі як сметніцу на пабягушках