БЕЛ Ł РУС

Апублікавалі спіс тавараў, якія нельга будзе ўвозіць з Латвіі

20.10.2026 / 16:06

Nashaniva.com

19 кастрычніка стала вядома, што з 15 снежня 2026 года Беларусь пашырыць забарону на ўвоз і продаж тавараў з Латвіі. Цяпер апублікаваная пастанова ўрада з пералікам канкрэтных пазіцый. У спіс увайшлі рыбныя кансервы, кнігі, мэбля, аўтазапчасткі, рыбалоўныя прылады і шэраг прамысловых тавараў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: brivaisvilnis.lv

Сярод забароненай прадукцыі — гатовыя вырабы і кансервы з ласося, сарданелы, кількі і траскі, а таксама вітамінныя і мінеральныя сумесі для дапаўнення харчавання. Абмежаванні закрануць друкаваныя кнігі, газеты, рэпрадукцыі і іншую паліграфічную прадукцыю.

У спіс таксама ўключылі дэкаратыўныя вырабы з пластыку, драўляныя рамы для карцін, фатаграфій і люстэркаў, гіграскапічную баваўняную вату, асобныя ваўняныя коўдры і пледы, мэблю і яе часткі.

Забарона распаўсюджваецца на аўтазапчасткі і прыналежнасці для транспартных сродкаў, вуды, рыбалоўныя прылады і некаторыя паляўнічыя прыналежнасці.

Абмежаванні ахопяць і прамысловыя тавары: падшыпнікі, дэталі сельскагаспадарчых машын, палотны для цыркулярных пілаў, абсталяванне сувязі, у тым ліку маршрутызатары і антэны, а таксама асобныя трансфарматары, выключальнікі, рэле і разеткі.

Пастанова ўступіць у сілу 15 снежня 2026 года. Забарона тычыцца тавараў латвійскага паходжання і прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі Латвіі. Пры гэтым яна не распаўсюджваецца на тавары, увезеныя ў Беларусь да 14 снежня 2026 года.

Раней беларускі ўрад патлумачыў рашэнне абмежаваць імпарт латвійскай прадукцыі тым, што Латвія, паводле ацэнкі Мінска, прытрымліваецца «неканструктыўных падыходаў» і выкарыстоўвае «недружалюбную рыторыку» ў дачыненні да Беларусі.

Чытайце таксама:

Забаранілі ўвозіць у Беларусь шмат тавараў з Латвіі

Прэм'ер Латвіі прапанаваў еўрапейцам адмовіцца ад аднаго куфля піва ў год дзеля Украіны

Вытворца легендарнага рыжскага бальзаму можа збанкрутаваць

Каментары да артыкула