БЕЛ Ł РУС

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка

20.10.2026 / 17:36

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка падпісаў указ аб вызваленні з пасады старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка. Прычынай кадравага рашэння называецца хвароба Рагожніка. 

Сяргей Ляўковіч

50‑гадовы Аляксандр Рагожнік узначаліў Віцебскую вобласць на пачатку гэтага года. Да таго ён працаваў паслом Беларусі ў Расіі, міністрам прамысловасці і генеральным дырэктарам Мінскага маторнага завода.

Яшчэ ў суботу, 17 кастрычніка, Рагожнік асабіста браў удзел у абласных «Дажынках» у Мёрах і, прынамсі вонкава, хворым не выглядаў.

Аляксандр Рагожнік 17 кастрычніка 2026 года на «Дажынках» у Мёрах. Фота: «Витебские вести»

16 кастрычніка ён прымаў Аляксандра Лукашэнку: той прылятаў у вобласць з інспекцыяй.

Аляксандр Рагожнік 16 кастрычніка 2026 года перад Аляксандрам Лукашэнкам. Скрыншот з відэа Пула первого

Іншым указам выканаўцам абавязкаў старшыні Віцебскага аблвыканкама прызначаны Сяргей Ляўковіч. Да гэтага ён займаў пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкама.

20 кастрычніка кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі сустрэўся з кіраўніцтвам аблвыканкама, прадставіў новага выканаўцу абавязкаў кіраўніка вобласці і акрэсліў актуальныя задачы развіцця рэгіёна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула