Японія паспяхова запусціла місію да спадарожнікаў Марса
Японія паспяхова запусціла касмічны апарат MMX, які павінен дасягнуць Фобаса — аднаго са спадарожнікаў Марса, — і ўзяць пробы грунту з яго паверхні. У склад місіі таксама ўваходзіць невялікі франка-нямецкі марсаход «Ідэфікс», паведамляе Deutsche Welle.
Планета Марс. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
Японскае агенцтва аэракасмічных даследаванняў (JAXA) паведаміла пра паспяховы запуск ракеты H3 з апаратам MMX. Старт адбыўся ў аўторак, 20 кастрычніка, з касмадрома на востраве Танэгасіма.
MMX — гэта скарачэнне ад англійскай назвы Martian Moons Exploration, што азначае «Даследаванне спадарожнікаў Марса». Маса апарата складае пяць тон. Вярнуцца на Зямлю ён павінен у 2031 годзе. Палёт да арбіты Фобаса і назад зойме прыкладна па адным годзе ў кожны бок.
Місія разлічаная на пяць гадоў. Тры з іх апарат правядзе на арбіце, даследуючы Фобас і Дэймас — другі спадарожнік Марса. Іх дыяметры складаюць усяго каля 20 і 10 кіламетраў адпаведна. Прадугледжаныя таксама пасадкі на Фобас для вывучэння яго паверхні і збору ўзораў грунту. Спачатку на спадарожнік павінен апусціцца невялікі аўтаномны марсаход, а затым — сам апарат MMX.
Кошт праекта ацэньваецца ў 578 мільёнаў даляраў. У ім удзельнічаюць Японія, ЗША, Францыя, Германія і Еўрапейскае касмічнае агенцтва. Францыя і Германія сумесна распрацавалі марсаход «Ідэфікс», названы ў гонар сабакі з коміксаў пра Астэрыкса і Абелікса.
Чатырохколавы марсаход памерам з мікрахвалевую печ павінен першым прызямліцца на Фобасе і правесці там каля 100 дзён. Ён будзе перасоўвацца з хуткасцю ўсяго адзін міліметр за секунду. Сам апарат MMX застанецца на паверхні прыкладна на дзве гадзіны, каб сабраць 10 грамаў грунту.
Раней СССР, а пасля Расія тройчы спрабавалі адправіць да Фобаса касмічныя апараты, якія павінны былі прызямліцца на яго паверхні. Дасягнуць спадарожніка Марса і перадаць на Зямлю здымкі ўдалося толькі апарату «Фобас-2» у 1989 годзе. Аднак ніводная з тых місій не завяршылася паспяховай пасадкай.
Чытайце таксама:
Герой Беларусі Марына Васілеўская нарадзіла дачку ад касманаўта Алега Навіцкага
Apple абнавіла спадарожнікавыя здымкі Мінска. Цяпер гэта самыя свежыя касмічныя здымкі сталіцы
Starship Ілана Маска ўпершыню выйшаў на арбіту Зямлі