Брэсцкі пенсіянер перастаў бачыць адным вокам, пабіўшыся на пляцоўцы для выгулу сабак
У пенсіянера з Брэста пасля канфлікту з іншым уладальнікам сабакі знік зрок на адно вока. Інцыдэнт адбыўся гэтым летам падчас звычайнага выгулу жывёл, піша Tochka.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Пенсіянер сустрэў 58‑гадовага мясцовага жыхара на пляцоўцы для выгулу сабак. Паміж мужчынамі ўзнікла сварка праз тое, што яны не змаглі падзяліць тэрыторыю. Слоўны канфлікт хутка перарос у бойку.
Падчас сутычкі 58‑гадовы берасцеец паваліў пенсіянера на зямлю, сеў на яго зверху і моцна націснуў пальцам правай рукі на левае вока апанента. У выніку пацярпелы страціў зрок на гэтым воку. Атрыманую траўму кваліфікавалі як менш цяжкае цялеснае пашкоджанне.
Справу разгледзеў суд. Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Пры вынясенні прысуду суд улічыў, што мужчына папрасіў прабачэння ў пацярпелага і выплаціў яму кампенсацыю за нанесеную шкоду. Таксама былі прынятыя да ўвагі меркаванне пацярпелага і станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага з месца працы і жыхарства.
У выніку 58‑гадовага жыхара Брэста пакаралі паўтара гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, ён павінен выплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь — 1350 рублёў.
Чытайце таксама:
Мужчына спрабаваў ускочыць на цягнік, але сарваўся з яго і пабіўся
У Гродне мужчына выклікаў таксі для сваіх бацькоў, а пасля пабіўся з таксістам