БЕЛ Ł РУС

ЗША эвакуююць дыпламатаў і перамяшчаюць войскі на Блізкім Усходзе. Трамп разглядае новыя ўдары па Іране

22.10.2026 / 10:48

Nashaniva.com

ЗША скарачаюць персанал дыпламатычных місій і перамяшчаюць вайскоўцаў на базах Блізкага Усходу. Падобныя меры прымалі перад пачаткам вайны з Іранам у лютым.

Скрын з відэа

Як паведамляе NBC News са спасылкай на крыніцы, у апошнія дні Пентагон без публічных абвестак перамяшчае вайскоўцаў з шэрагу баз у рэгіёне. Гэта закранае аб’екты ў Іарданіі, Катары і Кувейце. Куды менавіта пераводзяць людзей і колькі іх — не паведамляецца.

Адначасова Дзярждэпартамент загадаў скараціць колькасць супрацоўнікаў некалькіх дыпламатычных прадстаўніцтваў. З Саудаўскай Аравіі павінны выехаць супрацоўнікі, чыя прысутнасць не з’яўляецца неабходнай, і члены сем’яў. Амбасада працягне працу скарочаным складам.

Гэтыя перамяшчэнні адбываюцца на фоне абмеркавання новай аперацыі супраць Ірана. Паводле NBC, вайсковае кіраўніцтва называе Трампу магчымыя варыянты ўдараў. Адна з ідэй — кароткая кампанія, якая разам з эканамічным ціскам прымусіла б Тэгеран пайсці на перамовы і адкрыць Армузскі праліў.

Крыніца ABC News адзначыла, што цяперашняе перамяшчэнне вайскоўцаў падобнае да таго, якое адбывалася перад пачаткам вайны ў лютым.

Аднак эвакуацыю дыпламатаў нельга адназначна лічыць падрыхтоўкай да ўдару па Іране. Паводле амерыканскіх чыноўнікаў, на якіх спасылаецца ABC, выезд персаналу з Саудаўскай Аравіі звязаны з пагрозай з боку хусітаў. Гэтая групоўка, якую падтрымлівае Іран, атакуе саудаўскія вайсковыя і нафтавыя аб’екты, а таксама цывільныя аэрапорты.

Меншыя скарачэнні персаналу іншых амбасадаў чыноўнікі таксама звязваюць з пагрозай хусітаў і іншымі абставінамі, якія, паводле іх, не датычацца магчымай новай аперацыі супраць Ірана.

Цэнтральнае камандаванне ЗША адмовілася раскрываць падрабязнасці перамяшчэння войскаў, спаслаўшыся на бяспеку аперацый.

Паводле NBC, у атачэнні Трампа няма адзінства наконт новых удараў: Піт Хегсет выступае за аднаўленне аперацый, іншыя чыноўнікі асцерагаюцца пачынаць кампанію без яснага разумення, як яе завяршыць.

Яшчэ 8 кастрычніка Трамп публічна абяцаў не атакаваць Іран да прамежкавых выбараў у Кангрэс, прызначаных на 3 лістапада. Цяпер, паводле крыніц NBC, абмяркоўваюцца варыянты дзеянняў як да выбараў, так і пасля іх.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула