Пасля кавіду людзі гадамі могуць не адчуваць смак ежы. Навукоўцы знайшлі магчымую прычыну
Большасць людзей, у якіх пасля COVID-19 змянілася ўспрыманне смаку, аднаўляюцца за некалькі тыдняў ці месяцаў. Аднак у сяго-таго гэтая праблема захоўваецца нават праз год пасля хваробы.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Браслав Online
Страта смаку і нюху стала адным з найбольш вядомых сімптомаў каранавіруснай інфекцыі. Звычайна гэтыя адчуванні паступова вяртаюцца пасля выздараўлення, але ў часткі людзей праблемы захоўваюцца больш за год, нават калі сама хвароба працякала ў лёгкай форме.
Даследчыкі з медыцынскага кампуса Каларадскага ўніверсітэта Аншуц і двух шведскіх універсітэтаў паспрабавалі высветліць, якія біялагічныя працэсы могуць стаяць за працяглай стратай адчування смаку. На вынікі іх працы звяртае ўвагу Science Daily.
У даследаванні ўзялі ўдзел 28 чалавек, якія больш за год пасля каранавіруснай інфекцыі скардзіліся на парушэнні смаку. Пры гэтым ніхто з іх не быў шпіталізаваны з COVID-19.
Спецыяльныя тэсты паказалі, што ў васьмі ўдзельнікаў былі відавочныя адхіленні ў адчуванні смакаў. Адзінаццаць чалавек паведамілі пра цяжкасці з распазнаваннем асобных смакаў, найперш салодкага, горкага і умамі. Апошні можна адчуць, напрыклад, у грыбах або мясным булёне. А вось здольнасць распазнаваць салёнае і кіслае ва ўдзельнікаў даследавання захавалася.
Каб высветліць прычыну такой розніцы, навукоўцы ўзялі ў 20 удзельнікаў невялікія ўзоры тканак з грыбападобных сасочкаў языка. У іх размяшчаюцца смакавыя цыбуліны — мікраскапічныя структуры, якія змяшчаюць клеткі, адказныя за ўспрыманне смаку.
Дзве прычыны страты смаку і нюху пасля COVID-19
Аналіз паказаў, што ў даследаваных тканках быў паніжаны ўзровень матрычнай РНК, неабходнай для выпрацоўкі бялку PLCβ2. Гэты бялок адыгрывае важную ролю ў механізме распазнавання салодкага, горкага і умамі.
Калі чалавек есць нешта з адным з гэтых смакаў, адпаведныя рэцэптары запускаюць у клетках ланцужок біяхімічных рэакцый. Бялок PLCβ2 дапамагае ўзмацніць сігнал, неабходны для перадачы інфармацыі пра смак у мозг.
Паніжэнне ўзроўню матрычнай РНК можа прыводзіць да недахопу гэтага бялку і, адпаведна, аслаблення смакавых сігналаў. Для распазнавання салёнага і кіслага арганізм выкарыстоўвае іншыя механізмы, якія не залежаць ад PLCβ2. Гэта можа тлумачыць, чаму пасля кавіду ў некаторых людзей парушаецца ўспрыманне толькі пэўных смакаў.
Аднак малекулярнымі зменамі тэма не абмежавалася. Калі навукоўцы вывучылі ўзоры тканак пад мікраскопам, высветлілася, што ў адных удзельнікаў смакавыя цыбуліны выглядалі нармальна, а ў іншых была парушаная іх структура, а таксама змянілася размяшчэнне смакавых клетак.
Такім чынам, працяглыя праблемы са смакам пасля COVID-19 могуць быць звязаныя як з парушэннямі перадачы сігналаў, так і са зменамі ў будове смакавых цыбулін.
Але чаму гэтыя парушэнні могуць захоўвацца настолькі доўга? У норме смакавыя клеткі абнаўляюцца прыкладна кожныя два-чатыры тыдні. Але ж у некаторых людзей праблемы са смакам працягваюцца больш за год пасля інфекцыі. Гэта сведчыць, што натуральнага абнаўлення клетак не заўсёды дастаткова для аднаўлення іх нармальнай працы.
Даследаванне дапамагло выявіць магчымыя біялагічныя прычыны працяглай страты смаку, але пакуль невядома, ці могуць выяўленыя малекулярныя змены з часам знікнуць. Навукоўцам таксама трэба высветліць, ці магчыма аднавіць нармальную працу смакавых клетак з дапамогай лячэння.