УСУ ўдарылі па заводах «Пратон» у Арле і «Тальяцікаўчук» у Самарскай вобласці
Удар па «Пратоне» ўскладняе вытворчасць камплектуючых для крылатых і балістычных ракет, якімі праціўнік абстрэльвае ўкраінскія гарады, заявілі ў Генштабе УСУ.
Узброеныя сілы Украіны пацвердзілі атакі на заводы «Пратон» у Арле і «Тальяцікаўчук» у Самарскай вобласці. Пра гэта заявілі ва ўкраінскім Генштабе.
«Пацверджаны ўдар па асноўным вытворчым будынку АТ «Пратон-Электратэкс» у горадзе Арол. Гэта ўскладняе вытворчасць камплектуючых для крылатых і балістычных ракет, якімі праціўнік абстрэльвае ўкраінскія гарады», — сцвярджаецца ў паведамленні.
Удар па прадпрыемстве «Тальяцікаўчук» у Тальяці «наносіць удар па ланцужку паставак сыравіны для расійскай ракетнай праграмы».
«Акрамя таго, знішчаны самалёт на аэрадроме «Ейск» у Краснадарскім краі РФ. Ступень пашкоджанняў удакладняецца», — адзначаецца ў паведамленні.