БЕЛ Ł РУС

Мастак арганізаваў у Мінску бясплатную сталовую, якая існуе ўжо амаль 30 гадоў

24.10.2026 / 13:03

Nashaniva.com

Першую сталовую для бяздомных Аляксандр Чарніцкі адкрыў у сталіцы ў 1997-м. Тады гарачае харчаванне раздавалі беспрытульным дзецям, праз нейкі час сталі гатаваць і для дарослых.

Хто гатуе для бяздомных, як фінансуецца праект і чаму сталоўцы даводзіцца часта пераязджаць, Аляксандр Чарніцкі распавёў Times.by.

Цяпер сталовая размяшчаецца па адрасе: вуліца Рыбалкі, 26. Тры разы на тыдзень прымае бяздомных — у пятніцу, суботу і нядзелю. Расклад абедаў ёсць у чаце дабрачыннага праекта ў сацыяльных сетках, больш традыцыйныя папяровыя аб'явы развешаны ў Доме начнога знаходжання на вуліцы Ваўпшасава.

Галоўныя правілы: прыходзіць цвярозым і паводзіць сябе адэкватна і ветліва.

«Часам паваланцёрыць прыходзяць даволі заможныя людзі. Гэта іхняе пакаянне, просьба аб дапамозе, размова з Богам. І, верагодна, жаданне зрабіць дабро з надзеяй, што яно вернецца сторыцай. Некаторыя такім чынам даюць урокі дзецям. Прывозяць з сабой, каб наглядна паказаць бок жыцця, адрозны ад таго, дзе «ўсё з неба падае само сабой». Ці як у адзін момант сытае існаванне можа змяніцца голадам, холадам і адсутнасцю даху над галавой», — кажа Аляксандр.

Пастаяннай каманды няма: адны сыходзяць, іншыя прыходзяць. Аляксандр ставіцца з разуменнем: псіхалагічна гэта складана. Дзівіцца, як сам амаль 30 гадоў пратрымаўся. Кажа, за ўвесь час існавання праект не аднойчы аказваўся на мяжы — але ні разу не закрываўся з-за недахопу грошай на ежу. У апошні момант нехта пераводзіў патрэбную суму ці знаходзілася сталовая, якая згаджалася прымаць такі кантынгент.

Памяшканне, у якім праводзяць абеды, мяняецца раз у некалькі гадоў: Аляксандру Чарніцкаму трэба дамовіцца з установай, каб у пэўны час дазволілі прыйсці бяздомным, купіць ім комплексныя абеды і паесці за столікамі.

«За час існавання змянілі шмат месцаў: з такімі спецыфічнымі наведвальнікамі не ўсе гатовыя мірыцца, — тлумачыць Аляксандр. — Субарандатары незадаволеныя, жыхары бліжэйшых дамоў лаюцца, астатнія наведвальнікі моршчаць нос. І адміністрацыя грамадскага харчавання вымушана паказаць бяздомным на дзверы».

Асноўнае фінансаванне сталовай — гэта добраахвотныя ахвяраванні неабыякавых, а таксама беларускіх цэркваў. Часам Аляксандру ўдаецца дадаць у агульны бюджэт грошы, атрыманыя ад продажу карцін.

Маляваць Аляксандр Чарніцкі любіў заўсёды. У 12 гадоў пайшоў у ізастудыю Васіля Сумарава, а ў 16 ужо прадаваў першыя карціны — у мастацкім салоне, які тады размяшчаўся ў гасцініцы «Юбілейная».

«Вось толькі дыплома мастака ў мяне, на жаль, няма, — распавядае Аляксандр Чарніцкі. — Камсамольскага білета ў мяне не было: будучы хрысціянінам, не ўступаў у арганізацыю. А без яго атрымаць вышэйшую адукацыю ў часы Савецкага Саюза было немагчыма. Існавала негалосная дыскрымінацыя па веры. Дакументы ж у мяне прымалі, але потым стабільна зразалі на экзаменах. Таму ведаў набіраўся ў Акадэміі мастацтваў імя Іллі Рэпіна ў Ленінградзе, куды прыходзіў па вечарах як вольны слухач і маляваў разам са студэнтамі».

Затым ён вярнуўся ў Мінск, дзе пазнаёміўся з грамадзянкай ЗША, і доўгі час жыў на дзве краіны. Але амерыканскай марай так і не прасякнуўся і ў 1995‑м канчаткова вярнуўся ў Беларусь. У той час на вуліцах было шмат беспрытульных.

«Гэта цяпер у нас разгорнутая і адладжаная сістэма дамоў сямейнага тыпу, прытулкаў, замяшчальных сем'яў, — адзначае суразмоўца. — Тады гэтыя дзеці блукалі па вуліцах, абарваныя і галодныя, начавалі пад пад'ездамі. Зразумеў, што павінен ім дапамагчы ў меру магчымасцей».

Аднымі з першых сталі шасцёра братоў — ад 6 да 14 гадоў.

Мастак іх сустрэў на вуліцы, апавясціў органы апекі і на час прытуліў у сябе дома, пакуль дзецям падшуквалі інтэрнаты. А пазней дзякуючы гэтай гісторыі ў яго з'явіўся прыёмны сын Дзяніс.

У тыя гады Аляксандр Чарніцкі супрацоўнічаў са шведскай дабрачыннай арганізацыяй, якая дзейнічала ў Беларусі. І на працы падзяліўся гісторыяй знойдзеных на вуліцы хлопцаў. Калегі падказалі, як можна такім дапамагчы: адкрыць бясплатную сталовую. Шведы ж і прафінансавалі адкрыццё такога дабрачыннага грамадскага харчавання, якое адбылося 1 снежня 1997-га.

Спачатку па харчаванне прыходзілі толькі дзеці і падлеткі. Потым сталі клікаць і дарослых, цяпер сталовая толькі для іх і працуе.

Летам прыходзіць 70—80 чалавек, зімой — больш за сотню.

Дакладнай колькасці няма, таму гатуюць заўсёды з запасам. Штосьці застанецца? Будзе камусьці з сабой.

Раней кармілі пяць дзён на тыдзень і толькі абедамі са сталовай, потым гэта стала занадта дорага. Аляксандр прыводзіць прыклад: некалькі гадоў таму комплексны абед можна было купіць за 2,8 рубля, цяпер — не танней за 7—8.

Таму абеды часткова закупляюць гатовыя, а грэчневую кашу з мясам і гароднінай гатуе дома Аляксандр і яго памочніца Марыя.

Да кашы заўсёды выдаюць адварныя сасіскі, наліваюць малако. У халодную пару года замест малака раздаюць чай і каву. Па магчымасці імкнуцца песціць падапечных свежай гароднінай і садавінай.

Спіса пастаянных наведвальнікаў не існуе. Адны прыходзяць, іншыя сыходзяць. Большасць выглядае неахайна і пахне адпаведна.

Мастак не хавае: спачатку і сам грэбаваў, разважаў: «Лёгка нікому не бывае, але не ўсе ж співаюцца ад цяжкасцей». Пакуль не прыйшоў да разумення, што і моцным быць не кожнаму дадзена.

«Хтосьці слабы, але нельга за гэта пагарджаць ці праходзіць міма, быццам гэта не чалавек, а пустое месца, — разважае суразмоўца. — Такім трэба дапамагаць, накіроўваць. Магчыма, хтосьці адумаецца і паспрабуе змяніць сваё жыццё».

Ёсць тыя, хто на схіле гадоў апынуўся без даху над галавой. Як настаўнік матэматыкі ў мінулым, якога спрытныя кватаранты пакінулі без жылля.

«Дзядуля лёг у бальніцу, арандатар прыйшоў наведаць, прынёс паперы падпісаць: нібыта нейкія важныя дакументы з ЖЭСа, — пераказвае гісторыю Аляксандр. — Пажылы чалавек і падпісаў нягледзячы. А калі з бальніцы выйшаў, кватэра аказалася ўжо прададзена. Спробы вярнуць жыллё праз суд ні да чаго не прывялі. І стаў ён жыць у палатцы на вуліцы, а харчавацца прыходзіў у сталовую для бяздомных».

Прыходзяць і хатнія — так суразмоўца называе людзей, у якіх ёсць жыллё, але ўзніклі часовыя цяжкасці з працай. Зазіраюць на абед старыя, чыя пенсія ідзе на аплату камуналкі і лекаў, а на ежу не заўсёды хапае.

«Часам накрывае расчараванне, засмучэнне, што ўсім дапамагчы не можаш, — кажа Аляксандр. — Бывае, хочацца ўсё кінуць і проста пісаць карціны ў сваё задавальненне. Але гэта кароткатэрміновае «падзенне духам». Потым успамінаю, што сталовая існуе ўжо амаль 30 гадоў. Мы — тыя, хто падтрымлівае праект усе гэтыя гады, — робім вельмі патрэбную і добрую справу. І гэта натхняе не апускаць рукі і дапамагаць тым, хто ў гэтым так мае патрэбу. Тым больш што наша ідэя, як аказалася, натхняе іншых. Чуў, што ў Мінску адкрылася яшчэ адна сталовая для бяздомных — працуе па серадах на вуліцы Народнай».

 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула