У Салігорску частка жыхароў ужо два тыдні жыве без гарачай вады
Праблема закранула дамы на вуліцах Будаўнікоў і Чыгуначнай. Жыхары скардзяцца, што тэрміны аднаўлення водазабеспячэння пастаянна пераносяць, піша «Мінская праўда».
Фота: magnific.com
Паводле паведамленняў у Threads, у доме № 47 на вуліцы Будаўнікоў гарачай вады няма з 13 кастрычніка. Адна з жыхарак напісала, што звароты ў службу 115 не дапамагаюць: дату аднаўлення водазабеспячэння некалькі разоў пераносілі — спачатку на пятніцу, потым на аўторак, а пасля зноў на пятніцу. Яна таксама нагадала, што летам гарачую ваду адключалі на цэлы месяц.
Без гарачай вады засталіся жыхары сямі дамоў: на вуліцы Будаўнікоў, 37, 41, 43, 45, 49 і 51, а таксама на вуліцы Чыгуначнай, 34.
Прычынай адключэння стала аварыя, якая адбылася 13 кастрычніка на скрыжаванні вуліц Будаўнікоў і Чыгуначнай. На транзітным трубаправодзе выявілі выцек.
У дзяржаўным прадпрыемстве «Служба заказчыка жыллёва-камунальных паслуг Салігорскага раёна» патлумачылі, што аварыя звязаная са значнай ступенню зносу трубаправода, які эксплуатуецца ўжо працяглы час.
Паводле апошняй інфармацыі, вядомай на момант публікацыі, гарачую ваду планавалі аднавіць 26 кастрычніка.
Чытайце таксама:
Як законна пазбавіцца ад небяспечнага дрэва ў двары і не атрымаць штраф
«Просьба прыбраць вашы прыдзверныя дыванкі». У Мінску на дзвярах пад'езда павесілі дзіўную аб'яву