Ва Украіне працягнуць ваеннае становішча на тры месяцы
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўнёс у Вярхоўную Раду законапраекты, якія прадугледжваюць падаўжэнне тэрміну дзеяння ваеннага становішча і правядзенне ўсеагульнай мабілізацыі ва Украіне яшчэ на 90 сутак, піша РБК-Украіна.
Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
Згодна з дакументамі, дзеянне асаблівага прававога рэжыму і мабілізацыйных мерапрыемстваў прапануецца падоўжыць яшчэ на 90 сутак — да 28 студзеня 2027 года.
Ваеннае становішча — гэта асаблівы прававы рэжым, які ўводзіцца для забеспячэння абароны краіны, абароны грамадзянскага насельніцтва і крытычнай інфраструктуры ад агрэсара.
Усеагульная мабілізацыя прадугледжвае перавод эканомікі, органаў улады і ваенных структур на функцыянаванне ва ўмовах асаблівага перыяду.
Хто падлягае прызыву?
Ваеннаабавязаныя мужчыны ва ўзросце ад 25 да 60 гадоў, прыдатныя да службы паводле стану здароўя, якія не маюць падстаў для адтэрміноўкі або браніравання.
Мужчыны ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў падлягаюць мабілізацыі толькі ў выключных выпадках, вызначаных законам, або могуць добраахвотна далучыцца да шэрагаў Узброеных сіл Украіны на падставе кантракта.
Жанчыны, якія знаходзяцца на вайсковым уліку, прыцягваюцца да службы або работ у сферы абароны выключна па ўласным жаданні.