БЕЛ Ł РУС

Апазіцыя, якая перамагла ў Сербіі, не збіраецца ўводзіць санкцыі супраць Расіі

26.10.2026 / 20:32

Nashaniva.com

Прадстаўнік «Студэнцкага спісу» Ёва Бакіч, блок якога перамог на датэрміновых парламенцкіх выбарах у Сербіі, заявіў, што новы ўрад не будзе ўводзіць санкцыі супраць Расіі. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю расійскім прапагандыстам з Russia Today, піша The Moscow Times.

Трыумф прыхільнікаў «Студэнцкага спіса» ў Белградзе. Фота: Andrej Ivanov/Getty Images

Па словах Ёва Бакіча, з улікам невялікіх памераў Сербіі санкцыі нічога б не змянілі, але мелі б вельмі негатыўнае сімвалічнае значэнне. Ён падкрэсліў, што ягоны блок паважае Расію як вялікую дзяржаву, гістарычна важнага партнёра, а ў многіх выпадках і абаронцу Сербіі. Паводле яго слоў, у гэтым пытанні зменаў не будзе.

Таксама Бакіч заявіў, што Сербія не збіраецца адмаўляцца ад расійскага газу, нягледзячы на ціск Еўрасаюза. Ён адзначыў, што новыя ўлады маюць намер дзейнічаць у нацыянальных інтарэсах краіны, а не дагаджаць замежным дзяржавам. У «Студэнцкім спісе» ёсць спецыялісты ў галіне энергетыкі, якія будуць займацца гэтым пытаннем.

Раней былы прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, які прайграў выбары, сцвярджаў, што ў выпадку перамогі апазіцыя ўвядзе санкцыі супраць Расіі ўжо ў сакавіку — красавіку 2027 года. Аднак яшчэ да галасавання прадстаўнікі апазіцыйнага руху заяўлялі, што не плануюць гэтага рабіць.

У праграме «Студэнцкага спісу» асноўная ўвага надаецца рэформам Міністэрства ўнутраных спраў і сістэмы адукацыі, барацьбе з карупцыяй, праверцы паходжання маёмасці чыноўнікаў і забеспячэнню свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Пытанне аб уступленні Сербіі ў Еўрасаюз прапануецца вынесці на рэферэндум.

Датэрміновыя парламенцкія выбары адбыліся 25 кастрычніка. Аляксандр Вучыч, які склаў прэзідэнцкія паўнамоцтвы ў канцы верасня, разлічваў на перамогу і намерваўся ўзначаліць урад. Паводле папярэдніх звестак Ipsos/CeSID, яго блок «Аб’яднаная Сербія» атрымаў 38,8% галасоў, а «Студэнцкі спіс» — 53%.

Апошні можа атрымаць 141 месца са 250 у парламенце, што дазволіць яму самастойна сфармаваць урад. Вучыч прызнаў паразу і абвінаваціў у ёй «глыбінную дзяржаву» ЗША, а таксама сілы ў Еўрасаюзе, якія выступаюць супраць амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.

У Крамлі, каментуючы вынікі выбараў, заявілі, што разлічваюць і надалей развіваць адносіны з Сербіяй, нягледзячы на паразу свайго саюзніка Вучыча. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, аднак, дадаў, што для танга патрэбныя двое.

«Студэнцкі спіс» — гэта блок, створаны актывістамі аб’яднання «Студэнты ў блакадзе». Яно ўзнікла падчас масавых пратэстаў 2024 года, якія пачаліся пасля абвальвання навеса на рэканструяваным чыгуначным вакзале ў горадзе Нові Сад. Тады загінулі 16 чалавек.

Чытайце таксама:

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

У Сербіі праходзяць датэрміновыя парламенцкія выбары: Вучычу супрацьстаіць студэнцкі рух

Вучыч пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта Сербіі. Каб стаць прэм'ерам

Прэзідэнт Сербіі Вучыч замест поўнай адстаўкі збіраецца перасесці ў крэсла прэм'ера

Каментары да артыкула