У Дагестане судзілі маладую беларуску — бо апублікавала відэа з лагатыпам Instagram
Хацелі забраць яшчэ і тэлефон, але Раіса сказала, што згубіла яго.
У Кізлярскім раённым судзе Дагестана (Расія) 7 кастрычніка 2026 года судзілі беларуску Раісу Бернікаву (Шчарбіну). Яе прыцягнулі да адказнасці за «дэманстрацыю сімволікі экстрэмісцкіх арганізацый».
Што ж такога нарабіла 23‑гадовая беларуска, маці дваіх дзяцей? Са свайго старога iPhone 7 апублікавала ў тэлеграм-акаўнце відэа з сімволікай сацыяльнай сеткі Instagram. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра відэааватарку ў тэлеграме.
А паколькі дзейнасць карпарацыі Meta, якой належыць Instagram, прызнаная ў Расіі экстрэмісцкай, то і эмблема Instagram фармальна экстрэмісцкая.
У судзе Раіса прызнала віну.
У выніку Бернікавай прысудзілі мінімальны штраф — 1000 расійскіх рублёў (каля $12). Канфіскаваць тэлефон не змаглі, бо беларуска заявіла, што згубіла яго.