Беларусь заняла 81‑е месца сярод 191 эканомікі свету
У 2026 годзе ВУП Беларусі, паводле прагнозу Міжнароднага валютнага фонду, складзе 108,11 мільярда даляраў. Краіна займае 81‑е месца сярод 191 эканомікі свету па памеры намінальнага ВУП, піша Thinktanks.pro.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Рэйтынг заснаваны на прагнозах МВФ з кастрычніцкага выпуску World Economic Outlook за 2026 год. Намінальны ВУП разлічваецца ў бягучых далярах ЗША з выкарыстаннем рынкавых абменных курсаў.
Па гэтым паказчыку Беларусь зусім трошкі апярэджвае Літву, больш значна — Латвію, але саступае астатнім суседнім краінам.
Сярод суседзяў Беларусі найбуйнейшая эканоміка ў Расіі, якая знаходзіцца на 8‑м месцы з паказчыкам 2,86 трыльёна даляраў. Польшча займае 21‑е месца з ВУП 1,13 трыльёна даляраў, Украіна размясцілася на 57‑м месцы з 229,41 мільярда даляраў, Літва заняла 82‑е месца са 104,72 мільярда даляраў, а Латвія знаходзіцца на 100‑м месцы з 53,16 мільярда даляраў.
Агульны намінальны ВУП усіх краін свету ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 128 трыльёна даляраў. Лідарам рэйтынгу застаюцца ЗША з ВУП 32,64 трыльёна даляраў. Другое месца займае Кітай (21,55 трыльёна даляраў), трэцяе — Германія (5,47 трыльёна даляраў).
У першую дзясятку таксама ўваходзяць Японія (4,34 трыльёна даляраў), Вялікабрытанія (4,27 трыльёна), Індыя (4,06 трыльёна), Францыя (3,5 трыльёна), Расія (2,86 трыльёна), Італія (2,70 трыльёна) і Бразілія (2,65 трыльёна).
Чытайце таксама:
Найлепш у Беларусі цяпер акупляюцца аперацыі з нерухомасцю