БЕЛ Ł РУС

Беларуска, якая знікла ў Швейцарыі, выйшла на сувязь

30.10.2026 / 13:49

Nashaniva.com

«Мы паразмаўлялі праз відэасувязь, цяпер маем рэгулярны кантакт», — расказаў брат.

Беларуска, якая знікла ў Швейцарыі, выйшла на сувязь Пра гэта Радыё Свабода паведаміў яе брат, былы палітвязень Тамаз Піпія.

Пра тое, што грамадзянка Беларусі Луіза Піпія, сястра былых палітвязняў Тамаза і Цімура Піпія, больш за месяц не выходзіла на сувязь, стала вядома 26 кастрычніка. Пасля падзей жніўня 2020 года 18‑гадовая тады Луіза актыўна дапамагала сваім братам пасля арышту і зрабіла іх справу публічнай. Праз некаторы час ёй давялося з'ехаць з Беларусі. Яна пасялілася ў Швейцарыі, адкуль родам ейны муж.

Увесну 2026 года Тамаз і Цімур вызваліліся і былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Цяпер абодва знаходзяцца ў Літве. У першыя месяцы Луіза падтрымлівала з імі актыўную сувязь, але ў канцы жніўня яна абарвалася. Браты былі вымушаныя звярнуцца ў СМІ з інфармацыяй пра знікненне Луізы.

«Неўзабаве пасля гэтага яна выйшла на сувязь з намі, — расказаў Свабодзе Тамаз Піпія. — Мы паразмаўлялі праз відэасувязь, цяпер маем рэгулярны кантакт. У Луізы ўзніклі праблемы асабістага характару, яна не хацела ні з кім размаўляць. Цяпер мы на сувязі».

Нагадаем, што ў канцы верасня таксама з'явілася інфармацыя пра знікненне ў Італіі 33‑гадовага грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Алдохіна. Як стала вядома Свабодзе, прыкладна ў той час непадалёк ад магчымага месца знікнення беларуса было знойдзена цела неапазнанага мужчыны. Цяпер італьянскія ўлады праводзяць генетычную экспертызу, каб высветліць, ці можа яно належаць знікламу беларусу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула