БЕЛ Ł РУС

Расія страціла яшчэ адзін найноўшы знішчальнік Су-57

30.10.2026 / 16:48

Nashaniva.com

Расія страціла ўжо чацвёрты найноўшы знішчальнік Су-57 з пачатку 2026 года. Самалёт згарэў 29 кастрычніка на вайсковым аэрадроме Ахтубінск у Астраханскай вобласці. Пра гэта паведаміў украінскі OSINT-праект «Абсолютно надійне джерело», спаслаўшыся на спадарожнікавыя здымкі, піша The Moscow Times.

Фота: t.me/absolutely_reliable

Паводле яго звестак, пажар адбыўся падчас запуску рухавікоў у выніку няштатнай сітуацыі. У праекце адзначылі, што з улікам вытворчасці не больш за чатыры такія самалёты на год Расія ўжо страціла колькасць Су-57, супастаўную з гадавым аб’ёмам іх выпуску.

Фота: t.me/absolutely_reliable

Яшчэ два Су-57 былі пашкоджаныя вясной на аэрадроме Шагол у Чалябінскай вобласці. Пра гэта паведамляў Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны. Трэці знішчальнік разбіўся 23 ліпеня ў раёне Звянігарада пад Масквой. Міністэрства абароны Расіі тады паведаміла, што пацярпеў авіяцыйны вучэбна-баявы самалёт, а прычынай назвала тэхнічную няспраўнасць.

Паводле інфармацыі аднаго з расійскіх Z-тэлеграм-каналаў, пасля ўзлёту ў самалёта спачатку адмовіў левы, а затым правы рухавік. Блогер Уладзімір Раманаў выказваў іншую версію: знішчальнік мог быць збіты расійскім разлікам супрацьпаветранай абароны з фарміравання «БАРС-Масква». Падобную версію выказваў і ўкраінскі праект InformNapalm, сцвярджаючы, што ўдалося паўплываць на працу аднаго з расійскіх падраздзяленняў СПА і выкарыстаць яго сістэму супраць расійскага самалёта.

Фота: t.me/absolutely_reliable

Су-57 — найноўшы расійскі шматмэтавы знішчальнік пятага пакалення, які паступіў на ўзбраенне Паветрана-касмічных сіл Расіі ў канцы 2020 года. Да 2024 года было выпушчана 22 такія машыны.

Генеральны дырэктар Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыі «Растэха» Вадзім Бадэха заяўляў, што Су-57 — адзіны самалёт пятага пакалення, які ўдзельнічае ў рэальных баявых дзеяннях, маючы на ўвазе вайну ва Украіне. Уладзімір Пуцін называў гэты знішчальнік самым эфектыўным у свеце.

Су-57 здольны развіваць хуткасць да 2600 кіламетраў за гадзіну і несці да 7,4 тоны баявой нагрузкі, у тым ліку ракеты класаў «паветра — паветра», «паветра — зямля» і супрацькарабельныя ракеты. Паводле амерыканскага выдання National Interest, адной з ключавых асаблівасцяў самалёта з'яўляецца магчымасць узаемадзеяння з беспілотнікамі і запуску гіпергукавой зброі.

Кошт аднаго Су-57 ацэньваецца ў 35—40 мільёнаў даляраў, або прыкладна 2,8—3,2 мільярда расійскіх рублёў. Адна гадзіна яго палёту, паводле прыведзеных у артыкуле ацэнак, каштуе каля 25 тысяч даляраў.

Чытайце таксама:

У Курскай вобласці сутыкнуліся два расійскія знішчальнікі Су-35С

У Падмаскоўі разбіўся вайсковы самалёт

Украіна ўдарыла па аэрадроме ў Чалябінскай вобласці — пашкоджаны знішчальнікі Су-57 і Су-34

Каментары да артыкула