Гэта неймаверна, але ў Альшаны — агурковую сталіцу Беларусі — з Масквы везлі фуру агуркоў. Яе не пусцілі ў краіну
Фуру спынілі на мяжы — з дакументамі былі праблемы.
Помнік агурку ў Ашмянах. Фота: poshyk.info
Партыя прызначалася для аптовага рынку «Брадок» у агурочнай сталіцы Беларусі. Але, паводле Рассельгаснагляду, фітасанітарны сертыфікат на груз аказаўся падробленым.
Фуру, якой кіраваў грамадзянін Беларусі, спынілі 26 кастрычніка на расійска-беларускай мяжы. Дакументы правяралі інспектары Рассельгаснагляду і памежнікі ФСБ.
Больш за 18 тон свежых агуркоў везлі з Масквы ў Альшаны Столінскага раёна. Пасля праверкі сертыфіката груз не прапусцілі.
Матэрыялы перадалі праваахоўнікам, якія павінны вырашыць, ці ёсць падставы для крымінальнай справы.
Незвычайнасць гісторыі — у кірунку пастаўкі. Альшаны вядомыя сваёй гароднінай, а Расія гадамі была адным з галоўных рынкаў яе збыту.
«Брадок» — аптовы рынак, куды мясцовыя гаспадары прывозяць ураджай, а нарыхтоўшчыкі прыязджаюць па буйныя партыі.
Аднак пастаўкі ў адваротным кірунку таксама практыкаваліся. Паводле людзей, знаёмых з бізнэсам столінскіх фермераў, некаторыя з іх увосень і ўзімку закупляюць гародніну оптам на расійскіх базах, каб потым перапрадаваць у беларускіх гарадах, заўважае «Беларусы і рынак».