У вяскоўца згарэў дом, яго самога пасля пажару шпіталізавалі. Пакуль ён лячыўся, аднавяскоўцы двойчы абакралі яго хату
У 40‑гадовага жыхара Дзятлаўскага раёна адна бяда ішла за другой. Пасля пажару ён надоўга трапіў у бальніцу, а пакуль лячыўся, з ягонага пашкоджанага дома двойчы выносілі рэчы. Паводле міліцыі, абодва разы гэта рабілі аднавяскоўцы. Але кожны раз розныя.
Пажар здарыўся ў пачатку лютага. Дом часткова абгарэў, а гаспадар атрымаў траўмы і мусіў доўга лячыцца, паведамляе міліцыя Гродзенскай вобласці.
Увесну, пакуль мужчына быў у бальніцы, з дома скралі бензапілу. Паводле міліцыі, да крадзяжу меў дачыненне 69‑гадовы аднавясковец. Яго затрымалі.
Але неўзабаве ў паўразбураны дом наведаўся яшчэ нехта. Гэтым разам зніклі смартфон, кавамолка і 30 пачкаў цыгарэт.
Паводле міліцыі, рэчы забраў ужо іншы чалавек — 52‑гадовы жыхар той жа вёскі. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.