БЕЛ Ł РУС

Пашынян заявіў пра намер падаць заяўку ў Еўрасаюз у 2027 ці 2028 годзе

3.11.2026 / 20:13

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ягоная краіна можа падаць афіцыйную заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз у 2027 або 2028 годзе. Паводле яго слоў, такі тэрмін з’яўляецца рэалістычным. Пра гэта ён сказаў на саміце Euronews, прысвечаным пашырэнню ЕС.

Нікол Пашынян. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Пашынян адзначыў, што ўрад ужо пачаў працэс, які павінен прывесці да прыняцця канчатковага рашэння аб падачы заяўкі. У жніўні ён заяўляў у парламенце, што Арменія мае намер звярнуцца з такой просьбай у найбліжэйшай будучыні. Пакуль афіцыйная заяўка не пададзеная. Ерэван таксама вядзе з Еўракамісіяй перамовы аб лібералізацыі візавага рэжыму і разлічвае завяршыць гэты працэс да 2029 года.

Пашынян назваў еўрапейскую інтэграцыю стратэгічным выбарам, звязаным з абаронай дэмакратыі ў краіне. Ён нагадаў, што пасля рэвалюцыі 2018 года да ўлады прыйшлі новыя палітычныя сілы, а Еўрасаюз стаў адным з асноўных партнёраў Арменіі ў правядзенні дэмакратычных рэформаў.

Па словах прэм’ера Арменіі, адна з галоўных задач урада — даць армянскаму грамадству магчымасць выбару. Ён адзначыў, што раней у краіне і суседніх дзяржавах часта лічылі, нібыта ў Арменіі няма альтэрнатывы традыцыйнаму супрацоўніцтву з Расіяй.

На фоне збліжэння Ерэванa з Бруселем Масква патрабуе ад Арменіі вызначыцца паміж Еўрасаюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам. Расія таксама пагражала магчымымі мерамі ў адказ, у тым ліку спыненнем паставак энерганосьбітаў. У адказ Пашынян заявіў, што ягоны ўрад імкнецца дыверсіфікаваць палітычныя і эканамічныя сувязі краіны. Ён падкрэсліў, што адсутнасць балансу ў міжнародных дачыненнях заўсёды стварае рызыкі.

Каментуючы пагрозы былога прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, які параўноўваў магчымы шлях Арменіі з сітуацыяй ва Украіне, Пашынян адхіліў такое параўнанне. Ён заявіў, што галоўная мэта краіны — умацаванне незалежнасці і развіццё міжнароднай інтэграцыі.

Прэм’ер таксама адзначыў, што канчатковы выбар паміж уступленнем у ЕС і захаваннем членства ў Еўразійскім эканамічным саюзе павінен зрабіць народ Арменіі.

Пашынян дадаў, што прыкладам для армянскага грамадства стала імкненне Грузіі ўступіць у Еўрасаюз. Паводле яго слоў, поспех Грузіі ў гэтым кірунку мае значэнне для таго, як грамадзяне Арменіі ацэньваюць уласныя еўрапейскія перспектывы.

Чытайце таксама:

Пашынян заявіў, што Арменія не будзе праводзіць рэферэндум аб сяброўстве ў ЕС

Еўрасаюз плануе адмяніць мыты на большасць прадукцыі з Арменіі

ЕС абяцаў Арменіі 50 мільёнаў еўра эканамічнай дапамогі ў гандлёвай вайне з Расіяй

«Крызіс ва Украіне з гэтага пачаўся». Пуцін у Астане намякаў на будучыя праблемы ў Арменіі

«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку

Каментары да артыкула