БЕЛ Ł РУС

14‑гадовая мінчанка зайшла ў дадатак для знаёмстваў і аддала ўсе сямейныя зберажэнні

16.11.2026 / 10:34

Nashaniva.com

У міліцыю звярнулася сям'я 14‑гадовай мінскай школьніцы. Дзяўчынка перапісвалася з аднагодкам у дадатку для знаёмстваў, а потым паехала на сустрэчу з ім да метро. У выніку яна аддала кур'еру сямейныя зберажэнні — 3500 даляраў, паведамляе прэс-служба міліцыі.

Калі дзяўчынка прыехала на месца сустрэчы, суразмоўца папрасіў яе адправіць яму сваю геалакацыю. Пасля гэтага школьніцы прыйшло відэапаведамленне ад незнаёмага мужчыны ў масцы. Ён пачаў ёй пагражаць. Спалохаўшыся, дзяўчынка заблакавала яго.

Неўзабаве школьніцы патэлефанаваў мужчына, які назваўся супрацоўнікам КДБ. Ён заявіў, што чалавек у масцы — тэрарыст, а самой дзяўчынцы нібыта пагражае крымінальная адказнасць за садзейнічанне яму.

Затым з ёй звязалася жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай падатковай службы. Пад выглядам праверкі грошай яна пераканала школьніцу знайсці дома сямейныя зберажэнні.

Падчас відэазванка дзяўчынка паказала жанчыне канверт з 3500 далярамі. Пасля гэтага школьніца пераклала грошы ў касметычку і перадала іх кур'еру, які прыехаў па наяўныя.

Пазней высветлілася, што кур'ерам таксама была 14‑гадовая школьніца. Яна сама стала ахвярай падману і па ўказаннях махляроў адвезла чужыя грошы ў схованку ў Мінскім раёне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула