БЕЛ Ł РУС

Павел Белавус расказаў, як за кратамі даведаўся пра Нобелеўскую прэмію Бяляцкага

21.11.2026 / 20:13

Nashaniva.com

«Беражы гэтую машынку як скарб! Рэч гістарычная, потым на аўкцыёне прадасі».

Алесь Бяляцкі і Павел Белавус. Фота: Павел Белавус / Facebook

Сузаснавальнік Symbal.by і пляцоўкі «Арт Сядзіба», былы палітвязень Павел Белавус падзяліўся ў фэйсбуку ўспамінамі, як ён у зняволенні даведаўся пра тое, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

«7 кастрычніка 2022 года я ўжо дзясяты месяц быў на Валадарцы, у той момант у камеры № 15. Гэта былі тыя часы, калі і сама Валадарка яшчэ працавала, і не стала гандлёвым цэнтрам, ды паміж камерамі хадзілі «дарогі» і па «мокрай», і па «паветры».

І вось па адной з такіх «дарогаў», ужо і не ўспомню, ад каго менавіта, да нас прыйшла «малява» з навіною: Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру!

Я адразу агучыў гэта суседзям па камеры. Адзін з іх — чалавек бывалы, для якога гэта была ўжо ці то трэцяя ходка (як ён апынуўся ў нашай камеры — асобная гісторыя) — раптам застыў і кажа:

— О, дык я ж да цябе быў мінулыя месяцы з Бяляцкім у адной камеры!

Пасля гэтых слоў ён дастае машынку для стрыжкі і з гонарам дадае:

— Я ж гэтай самай машынкай яго сівыя валасы стрыг! Уяўляеш сабе?!

Я яму тады і параіў, як старому і дасціпнаму махляру:

— Дык беражы гэтую машынку як скарб! Рэч гістарычная, потым на аўкцыёне прадасі. А каб гучала яшчэ больш пераканаўча, расказвай усім, што Бяляцкі даведаўся пра Нобеля якраз у той момант, калі ты яго гэтай машынкай стрыг.

Не ведаю, ці паслухаўся мяне той дзядзька і як склаўся яго лёс далей. Але тая навіна стала для мяне неверагодна важнай і натхняльнай. Яна дала дакладнае адчуванне: мы не адныя, пра нас памятаюць, і ўсё абавязкова будзе добра!»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула