У Беларусі сталі распаўсюджвацца два віды небяспечных клапоў
У Беларусі распаўсюджваюцца два віды небяспечных для дрэў клапоў, якія трапілі ў краіну з Паўночнай Амерыкі. Пра гэта газеце «Навука» расказала старшая навуковая супрацоўніца Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Вольга Найман, піша «Мінская праўда».
Амерыканскі хваёвы клоп. Фота: npbp.by
Першага шкодніка — амерыканскага хваёвага клапа — упершыню выявілі ў Белавежскай пушчы ў 2020 годзе. З таго часу ён распаўсюдзіўся амаль па ўсёй Беларусі, за выключэннем Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Найчасцей яго сустракаюць у Гомельскай і Брэсцкай абласцях. У 2024 годзе насякомае з'явілася ў Гродзенскай вобласці, а пасля дабралася і да Мінска — гэта самы паўночны пункт яго распаўсюджання ў краіне.
Амерыканскі хваёвы клоп сілкуецца больш чым 40 відамі хваёвых раслін, у тым ліку звычайнай сасной. Акрамя таго, ён можа пераносіць грыбок, які аслабляе дрэвы і выклікае іх усыханне.
Другога шкодніка — дубовую каруначніцу — спецыялісты ўпершыню зафіксавалі ў Беларусі ў жніўні 2025 года. Яе выявілі ў Кобрынскім раёне. Цяпер навукоўцы сочаць за далейшым распаўсюджваннем насякомага.
Дубовая каруначніца пасяляецца калоніямі на лісці дрэў і высмоктвае з яго сок. У выніку лістота ападае раней часу, дрэвы горш пераносяць маразы, а ў асобных выпадках могуць нават загінуць. Шкоднік небяспечны не толькі для дубоў, але і для яблынь, шыпшыны і парэчак.
Чытайце таксама:
У гродзенскай краме ў слоіку кансерваванага зялёнага гарошку заўважылі каларадскага жука
Птушкі таксама пакутуюць ад джэтлагу і пасля доўгіх пералётаў збіваюцца з курсу