БЕЛ Ł РУС

Лідары сямі краін Еўрасаюза заклікалі не выдаваць візы беларускім спартсменам

24.11.2026 / 22:33

Nashaniva.com

Кіраўнікі Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Швецыі заклікалі краіны Еўрасаюза не выдаваць візы расійскім і беларускім спартсменам, якія збіраюцца прыехаць у ЕС для ўдзелу ў спаборніцтвах. Пра гэта гаворыцца ў сумесным лісце ад 23 лістапада, накіраваным прэзідэнту Еўрапейскай рады Антоніу Кошце і старшыні Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен, піша «Еўрапейская праўда».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: БелТА

Падпісанты падкрэсліваюць, што выдача такіх віз дазволіла б расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах па ўсім Еўрасаюзе. На іх думку, допуск расійскіх каманд і спартсменаў да еўрапейскіх спаборніцтваў Крэмль мог бы ўспрыняць як сваю перамогу.

«Дазвол расійскай дзяржаве выстаўляць удзельнікаў на міжнародныя спаборніцтвы стварае рызыку падаць сігнал пра паступовае прыняцце агрэсіўнай вайны Расіі. Аддзяліць спорт ад геапалітыкі проста немагчыма», — адзначаецца ў лісце.

Лідары сямі краін нагадалі пра пазіцыю Еўрапейскай рады: пакуль ва Украіне не будзе дасягнуты справядлівы і трывалы мір, нельга нармалізаваць удзел Расіі і Беларусі ў міжнародных спартыўных і культурных мерапрыемствах, асабліва калі на іх дэманструецца дзяржаўная сімволіка. На думку аўтараў звароту, цяпер гэту пазіцыю трэба ўвасобіць у практычныя меры.

У лісце таксама гаворыцца, што некалькі краін ЕС заклікалі Еўракамісію падрыхтаваць адпаведныя заканадаўчыя прапановы. Адным са спосабаў развязання праблемы магло б стаць унясенне зменаў у Візавы кодэкс, аднак яго перагляд чакаецца не раней за першы квартал 2027 года.

Таму, паводле падпісантаў, асаблівае значэнне будуць мець новыя рэкамендацыі Еўракамісіі адносна разгляду візавых заявак грамадзян Расіі. Яны павінны прадугледжваць выразныя ўказанні, як не дапускаць неабавязковых паездак расіян у краіны ЕС, у тым ліку для ўдзелу ў еўрапейскіх спартыўных мерапрыемствах. Мэта — выпрацаваць агульны падыход, які адпавядаў бы пазіцыі Еўрапейскай рады.

Шэсць кіраўнікоў дзяржаў ЕС заявілі, што маюць намер выразна выкласці сваю пазіцыю па гэтым пытанні на найбліжэйшым пасяджэнні Еўрапейскай рады, якое запланаванае на 26—27 лістапада.

Напярэдадні, 23 лістапада, Еўракамісія прадставіла прапанову 22‑га пакета санкцый супраць Расіі. Сярод прапанаваных мер ёсць і забарона расійскім камандам і спартсменам выступаць пад сцягам РФ на спартыўных мерапрыемствах у ЕС, а таксама забарона дэманстраваць афіцыйную расійскую сімволіку.

У той жа дзень Еўракамісія зацвердзіла абноўленыя візавыя рэкамендацыі, якія таксама закранаюць расійскіх спартсменаў.

Чытайце таксама:

Стала вядома, што ўвойдзе ў 22‑гі пакет санцый Еўрасаюза супраць Расіі

Беларускім біятланістам не дазволілі вярнуцца ў міжнародныя спаборніцтвы

Беларусам дазволілі зноў гуляць у боўлінг

Нарвегія мае намер высылаць беларускіх спартсменаў, якія прыязджаюць на спаборніцтвы

Амаль паўсотня беларускіх спартоўцаў зімовых відаў атрымалі нейтральны статус

Каментары да артыкула