Трамп засмяяўся, калі яго спыталі пра словы Зяленскага, што ЗША хочуць завяршыць вайну да студзеня
«Хто гэта сказаў? — перапытаў Трамп у інтэрв'ю New York Post. — Ён хоча, каб я што зрабіў?»
Фота: Andrew Harnik / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп засмяяўся, калі яго спыталі пра словы Уладзіміра Зяленскага, што амерыканскія перамоўшчыкі хочуць заключыць мірнае пагадненне паміж Расіяй і Украінай да студзеня. Пра гэта піша New York Post.
«Хто гэта сказаў? — перапытаў Трамп у інтэрв'ю выданню. — Ён хоча, каб я што зрабіў?» Як адзначае NYP, пры гэтым Трамп усміхаўся і пераглядаўся з высокапастаўленым памочнікам, які знаходзіўся побач.
«У мяне няма ніякіх тэрмінаў. Я проста хачу, каб гэта скончылася. Разумееце, нас гэта не датычыцца. Я быў бы рады, калі б усё скончылася сёння, але для танга патрэбныя двое. Таму паглядзім, што будзе. Часам здаецца, што Пуцін гатовы, а Зяленскі — не. Часам Зяленскі быў бы рады з гэтым скончыць, а Пуцін не гатовы. Усё залежыць ад дня», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Зяленскі ўчора ў інтэрв'ю Bloomberg заявіў, што, на яго думку, цяперашняя каманда амерыканскіх перамоўшчыкаў хоча паспець завяршыць вайну ў снежні — студзені.