Зяленскі і Мадзьяр згулялі ў валейбол з дзецьмі ВІДЭА
Пасля гадоў напружанасці паміж Украінай і Венгрыяй іх лідары сустрэліся ў Закарпацці, разам ушанавалі загінулых украінскіх вайскоўцаў і наведалі венгерскамоўны ліцэй. Там Уладзімір Зяленскі і Петэр Мадзьяр далучыліся да школьнікаў на валейбольнай пляцоўцы.
Фота: magyar_peter_official_the_man / Instagram
24 лістапада Зяленскі і Мадзьяр наведалі ліцэй імя Лаяша Кошута. Тут вучацца больш за 500 дзяцей, у тым ліку ў інклюзіўных класах. Выкладанне ідзе па-венгерску, школьнікі таксама вывучаюць украінскую і англійскую мовы.
Зяленскі звярнуў увагу, што па іншы бок мяжы таксама ёсць магчымасць вучыцца на роднай мове.
«Гэтаксама ў Будапешце ёсць школа, дзе ўкраінскія дзеткі вучацца на роднай мове. Такая ўзаемная павага важная для нашых адносін, і яна павінна быць у аснове ўсяго нашага супрацоўніцтва», — напісаў ён пасля сустрэчы.
Лідары краін пагутарылі з настаўнікамі і вучнямі, а потым згулялі з дзецьмі ў валейбол. Абодва падзяліліся кадрамі гульні.
Як адзначаюць аналітыкі, за гэтай сустрэчай — спроба аднавіць адносіны, якія пры Віктары Орбане былі фактычна замарожаныя. Мадзьяр, які ўзначаліў венгерскі ўрад у маі, расказаў, што мясцовыя венгры радыя зменам.
«Яны вельмі задаволеныя тым, што дзве краіны нарэшце пачалі збліжацца, што мы нарэшце спынілі гэтую зусім непатрэбную і невытлумачальную палітычную эскалацыю», — сказаў ён.
Звяртаючыся да Зяленскага, венгерскі прэм’ер сказаў:
«У інтарэсах усіх суседзяў — падтрымліваць добрыя адносіны адно з адным… Давайце пачнём будаваць давер — лепш позна, чым ніколі».
Мадзьяр таксама прывёз гуманітарную дапамогу амаль на 3 мільёны даляраў — лекі і энергетычнае абсталяванне.
«Я хацеў бы, каб вы ведалі: венгерскі народ рашуча асуджае гэтую жахлівую расійскую агрэсію», — заявіў ён.