Лукашэнка павысіць пенсіі кіраўніцтву сілавікоў
Што зменіцца?
Ілюстрацыйнае фота: МУС Беларусі
Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб унясенні ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта, накіраванага на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння вайскоўцаў, паведамляе БелТА.
У абгрунтаванні зазначаецца, што нацыянальная бяспека застаецца безумоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнага падыходу. Для дадатковай матывацыі да службы і ў якасці стымулюючай меры законапраект прадугледжвае павышэнне памеру пенсійнага забеспячэння для асобных катэгорый вайскоўцаў пасля дасягнення імі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту.
Намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандр Рахманаў патлумачыў, што ў Беларусі існуюць тры разнавіднасці дзяржаўнай службы: грамадзянская, ваенная і служба ў ваенізаваных арганізацыях.
Пры гэтым пытанні пенсійнага забеспячэння дзяржаўных грамадзянскіх служачых і вайскоўцаў рэгулююцца рознымі заканадаўчымі актамі і з улікам спецыфікі службы маюць як агульныя характарыстыкі, так і істотныя адрозненні. Так, пенсійнае забеспячэнне вайскоўцаў і грамадзянскіх дзяржаўных служачых адрозніваецца ў частцы парадку, умоў і памеру.
«Аляксандрам Лукашэнкам прынята рашэнне аб накіраванні ў Нацыянальны сход законапраекта, які прадугледжвае змяненне падыходаў і парадку пенсійнага забеспячэння для вайскоўцаў, службовых асоб, якія праходзяць службу ў органах унутраных спраў, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, а таксама ў органах фінансавых расследаванняў», — паведаміў намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі.
Для тых, хто належыць да гэтых катэгорый і займае кіроўныя пасады розных узроўняў (тэрытарыяльнага, абласнога, а таксама на ўзроўні цэнтральнага апарату), прапануюць павысіць памер пенсіі пасля дасягнення імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (для мужчын — 63 гады, для жанчын — 58 гадоў).
Паводле яго слоў, прапанаваныя папраўкі стануць дадатковым стымулам для супрацоўнікаў сілавых ведамстваў імкнуцца да прафесійнага і кар'ернага росту, што з часам прывядзе і да павышэння іх пенсійнага забеспячэння.