За колькі здаюць кватэры на навагоднія святы ў Мінску і Гродне, куды чакаецца наплыў расіян
У расіян адразу два беларускія гарады трапілі ў дзясятку самых запатрабаваных кірункаў па браніраваннях на Новы год.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Мінск і Гродна на Новы год даражэйшыя за Маскву
Паводле даных расійскага сэрвісу анлайн-браніравання жылля «Сутачна.ру», Мінск сёлета заняў другое месца па папулярнасці сярод гарадоў, дзе расіяне плануюць сустракаць Новы год, абагнаўшы Маскву. Беларуская сталіца саступае толькі Санкт-Пецярбургу.
Пры гэтым Мінск з'яўляецца самым дарагім горадам з топ-10. Па даных на кастрычнік 2026 года, ноч у сярэднім каштуе каля $115.
Яшчэ адна адметнасць у тым, што сёлета ў топ-10 гарадоў, дзе расіяне браніруюць жытло на Новы год, упершыню ўвайшоў Гродна.
Па сярэдняй цане арэнды $90 за ноч Гродна абганяе Маскву ($85) і займае трэцяе месца, саступаючы толькі Мінску і Ніжняму Ноўгараду.
Гродна. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
Што з цэнамі цяпер?
Паколькі часцей за ўсё расіяне здымаюць кватэру на чатыры ночы і едуць з дзецьмі, мы праглядзелі прапановы жылля, даступныя ў перыяд з 30 снежня па 3 студзеня.
Самая танная кватэра ў Мінску, калі глядзець на «Сутачна.ру», — гэта аднапакаёўка па вуліцы Лесі Украінкі. Суткі ў ёй каштуюць $108, або $430 за чатыры дні.
Далей ідуць кватэры за $111, $115 і $124 даляры за суткі. Усё гэта варыянты з даволі сціплым рамонтам.
Скрыншот: sutochno.ru
Цікава, што ў апартаментах «Масква» за $124 за суткі рэйтынг усяго 7,1.
У цэнтральнай частцы Мінска кватэры на навагоднія святы здаюць па цэнах каля $180—$230 за суткі пры ўмове пражывання двух дарослых з дзіцём.
Скрыншот: sutochno.ru
Самая танная з кватэр, што ёсць цяпер на «Куфры», — двухпакаёўка на Харужай, 17. За чатыры ночы з 30 снежня па 3 студзеня просяць 1040 рублёў, што каля $350.
Наступныя кватэры каштуюць ужо па 1260‑1300 рублёў за чатыры ночы (каля $420 за суткі).
Скрыншот: kufar.by
У цэнтральнай частцы Мінска, за выключэннем некалькіх варыянтаў, кватэры на «Куфры» на гэтыя дні здаюць па $125 і больш за суткі. Прычым зняць апартаменты толькі на адну ноч амаль нерэальна, бо большасць арэндадаўцаў у тыя дні здаюць іх мінімум на двое сутак.
Пры гэтым больш за палову кватэр, якія засталіся незабраніраванымі, здаюць па стаўках $220—$250 за суткі.
Традыцыйна шмат кватэр на суткі здаецца ў «Мінск-Свеце». Цэны на студыі пачынаюцца з 1250 рублёў за чатыры ночы (што крыху больш за $400).
Скрыншот: kufar.by
Каля паловы кватэр, якія здаюць у «Мінск-Свеце» на гэты перыяд, можна зняць за 1400—2000 рублёў (каля $480—$660).
А што ў Гродне?
На расійскім сэрвісе «Сутачна.ру» бачна, што сярэдні кошт арэнды кватэры ў цэнтральнай частцы Гродна на навагоднія святы складае каля $140.
Скрыншот: sutochno.ru
На «Куфры» кватэры ў цэнтральнай частцы Гродна на гэтыя даты здаюць па цэнах ад 900 рублёў за чатыры ночы, то бок ад $300. Столькі просяць за кватэры з даволі старым рамонтам.
Большасць кватэр у цэнтры Гродна на навагоднія святы здаюць па $125—$165 за суткі пры ўмове засялення двух дарослых з адным дзіцём.
Скрыншот: kufar.by
У аддаленых раёнах кватэру ў Гродне на навагоднія святы цяпер можна забраніраваць па цэнах ад $85 за суткі. Як і ў Мінску, на святочныя дні ў Гродне амаль немагчыма зняць кватэру менш чым на двое сутак.