ЕСПЧ абавязаў Польшчу выплаціць 25 тысяч еўра двум афганцам, якія ў 2021 годзе не змаглі праз лес трапіць у ЕС з Беларусі
Польшча павінна выплаціць 25 тыс. еўра двум грамадзянам Афганістана (аднаму — 20 тыс., другому — 5 тыс.), якія ў 2021 годзе спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу. Акрамя таго, краіна павінна кампенсаваць судовыя выдаткі ў памеры 3137,01 еўра.
Фота: strazgraniczna.pl
Такое рашэнне 24 лістапада вынес Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ), піша Most.
Рашэнне суда ананімізаванае, справа апісваецца пад агульнай назвай «A.R. і іншыя супраць Польшчы». Яна тычыцца групы грамадзян Афганістана, якія з 8 жніўня па 23 кастрычніка 2021 года знаходзіліся ў часовым імправізаваным лагеры на мяжы Беларусі і Польшчы, не маючы магчымасці пакінуць яго. Польскія памежнікі не ўпускалі іх, а з беларускага боку сілавікі не давалі ім магчымасці адысці ад мяжы.
У жніўні 2021 года ЕСПЧ прымяніў да групы забяспечвальныя меры, абавязаўшы польскія ўлады забяспечыць афганцаў ежай, вадой, медыцынскай дапамогай, часовым прытулкам, а таксама дапусціць кантакты з адвакатамі. Тым не менш іх выцяснялі ў Беларусь.
Пазней у судовай справе з 32 заяўнікаў засталося ўсяго двое. Наколькі вядома, яны вярнуліся ў Афганістан і цяпер вымушаныя хавацца ў Кабуле ад рэжыму талібаў.
Што пастанавіў суд
ЕСПЧ прызнаў, што беларускія ўлады наўмысна выкарыстоўвалі міграцыю для дэстабілізацыі суседніх дзяржаў, а Польшча ў такіх абставінах мела права прымаць надзвычайныя меры для абароны сваёй мяжы. Таму само па сабе прымусовае вяртанне мігрантаў не было прызнанае парушэннем Еўрапейскай канвенцыі. Аднак краіны ЕС абавязаныя былі правяраць, ці не належаць мігранты да ўразлівых груп, прадстаўнікоў якіх нельга вяртаць.
Пры гэтым суд устанавіў, што ў дачыненні да аднаго з заяўнікаў, вернутага ў Беларусь 20 кастрычніка 2021 года, Польшча не правяла такой індывідуальнай ацэнкі рызык і выправадзіла яго, нягледзячы на забяспечвальныя меры ЕСПЧ. Яна таксама парушыла права на індывідуальную скаргу, перашкаджаючы доступу адвакатаў. Гэты афганец павінен атрымаць кампенсацыю ў памеры 20 тыс. еўра.
Другі заяўнік сцвярджаў, што некалькі разоў перасякаў мяжу, а польскія памежнікі кожны раз вярталі яго ў Беларусь, але давесці яго знаходжанне ў Польшчы не ўдалося. Тым не менш суд прызнаў, што Польшча перашкаджала доступу да яго адвакатаў. Яму належыць кампенсацыя ў памеры 5 тыс. еўра.